Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 кастрычніка 2018, 11:48

У новым Падатковым кодэксе не будуць мяняць азначэнні беларускіх і замежных арганізацый

18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У новым Падатковым кодэксе не будуць мяняць азначэнні беларускіх і замежных арганізацый, паведамілі БЕЛТА ў Савеце па развіцці прадпрымальніцтва.

Пад кіраўніцтвам старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва Аляксандра Турчына 17 кастрычніка адбылася нарада па праблемных пытаннях праекта Падатковага кодэкса. Звароты, што паступаюць у савет, а таксама публікацыі ў прэсе, сведчаць, што найбольш абмяркоўваюцца сярод дзелавой супольнасці артыкулы праекта кодэкса, якія датычацца кантролю прымянення трансфертных цэн (глава 11 Агульнай часткі) і парадку прызнання замежных арганізацый беларускімі падатковымі рэзідэнтамі (артыкулы 15-16 Агульнай часткі). Менавіта гэтыя пытанні і былі ў цэнтры ўвагі.

Па выніках абмеркавання дасягнута пагадненне аб мэтазгоднасці захавання азначэння беларускіх і замежных арганізацый у ранейшай рэдакцыі (артыкул 14 Агульнай часткі дзеючага Падатковага кодэкса). Раней у новай рэдакцыі Падатковага кодэкса прапаноўвалася скарэкціраваць крытэрыі для прызнання замежнай кампаніі беларускай. Такім чынам, у гэтых кампаній узнік бы абавязак выплачваць падаткі ў бюджэт з усяго сусветнага даходу.

Акрамя таго, узгоднены ўдакладненні ў шэраг артыкулаў главы 11 Агульнай часткі праекта Падатковага кодэкса, якія забяспечваюць празрыстасць парадку фарміравання трансфертных цэн і працэдуры кантролю за іх прымяненнем.

Прадстаўнікамі дзелавой супольнасці выказана меркаванне, што з улікам узгодненых паправак праект Падатковага кодэкса ў цэлым апраўдвае чаканні бізнесу.

Адвакат, член Савета па развіцці прадпрымальніцтва Дзяніс Алейнікаў на сваёй старонцы ў Facebook ад імя членаў савета напісаў: "Гэта добры прыклад работы савета і добры прыклад на тэму "дзяржава і бізнес чуюць адзін аднаго".

У нарадзе прынялі ўдзел міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка, намеснік міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая, прадстаўнікі Міністэрства фінансаў, Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага, Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў "БАМАП", Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі