Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 жніўня 2018, 11:17

У буйнейшых гарадах Кітая да канца года плануецца адкрыць 100 магазінаў беларускіх тавараў

16 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У буйнейшых гарадах Кітая да канца 2018 года плануецца адкрыць 100 магазінаў беларускіх тавараў. Такая інфармацыя размешчана на сайце беларускага пасольства ў Кітаі, паведамляе БЕЛТА.

Урачыстая цырымонія адкрыцця магазіна беларускіх тавараў у горадзе Гуйян адбылася 16 жніўня ў час візіту пасла Беларусі ў Кітаі Кірыла Рудога ў правінцыю Гуйчжоу. "Сетка магазінаў беларускай прадукцыі пад брэндам Belarus commodity center створана кітайскай гандлёвай кампаніяй з правінцыі Гуандун Guangdong Xinjinlai Trade, гэты магазін стаў ужо другім у ствараемай сетцы. Да канца 2018 года кампанія плануе адкрыць 100 магазінаў беларускіх тавараў у буйнейшых гарадах Кітая", - адзначылі ў пасольстве.

Акрамя таго, дасягнута дамоўленасць аб размяшчэнні беларускай алкагольнай прадукцыі ў вядомай у КНР сетцы магазінаў Moutai. Для закупак беларускай прадукцыі, кантролю якасці і арганізацыі лагістыкі паставак кампанія ўжо адкрыла ў Беларусі сваё прадстаўніцтва.

Выступаючы на цырымоніі адкрыцця, Кірыл Руды адзначыў, што стварэнне сеткі прамога збыту беларускіх тавараў не толькі гарантуе прымальныя цэны, якасць і адсутнасць кантрафакту, але і стварае ўмовы для эфектыўнага правядзення Нацыянальнай экспазіцыі Беларусі на Кітайскім міжнародным імпартным ЭКСПА ў Шанхаі ў лістападзе 2018 года, таму што беларускія кампаніі змогуць прадставіць тавары перад шырокай аўдыторыяй і адразу ж трапіць на паліцы профільных магазінаў, выключаючы пасрэдніцкія ланцужкі.

Акрамя таго, 15 жніўня з нагоды прыбыцця ў горад Чэнду першага кантэйнера з беларускай ялавічынай адбылася дэгустацыя прадукцыі, у якой прынялі ўдзел больш за 30 кіраўнікоў вядучых кампаній у сферы гандлю ялавічынай. На мерапрыемстве былі прадстаўлены стравы кітайскай кухні, прыгатаваныя з беларускай ялавічыны.

Партыя гэтага тавару была пастаўлена па кантракце паміж ААТ "Велес-МІТ" і кітайскімі кампаніямі Chengdu Yunda Tradе і "Гандлёвая кампанія мясной прамысловасці "Шаўковы шлях". Беларускі пасол адзначыў, што прыбыццё кантэйнера з'яўляецца невялікім, але важным крокам у развіцці гандлёвага супрацоўніцтва паміж правінцыяй Сычуань і Беларуссю, паказвае актыўны ўдзел беларускіх кампаній у развіцці кітайскіх кантэйнерных сухапутных маршрутаў у рамках эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

У час рабочага візіту Кірыла Рудога ў правінцыю Сычуань прайшла яго сустрэча з віцэ-мэрам раёна Цынбайцзян горада Чэнду Хэ Лі. На перагаворах бакі абмеркавалі пашырэнне магчымасцей выкарыстання бондавай зоны Цынбайцзян, кантэйнернага чыгуначнага маршруту Чэнду - Еўропа для далейшага нарошчвання паставак беларускай сельгаспрадукцыі ў правінцыю Сычуань.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі