Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 лістапада 2017, 15:34

У Беларусі ўдасканаляць падыходы да налічэння працэнтаў па крэдытах

9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўдасканаляць падыходы да налічэння працэнтаў па крэдытах. Гэта прадугледжана папраўкамі ў Банкаўскі кодэкс, якія прынялі сёння ў першым чытанні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У дакуменце ўдакладняецца парадак устанаўлення памеру працэнтаў за карыстанне крэдытам і падыходаў да іх налічэння, растлумачыў, прадстаўляючы законапраект у Авальнай зале, першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Тарас Надольны. Так, у частцы памеру працэнтаў замацоўваюцца два падыходы. Першы прадугледжвае фіксаваную стаўку, другі - прывязку да базавага паказчыка, напрыклад, стаўкі рэфінансавання. "Пры гэтым уводзіцца забарона на змяненне ў аднабаковым парадку працэнтаў за карыстанне крэдытамі. Адзіным спосабам павышэння застаецца карыстанне пераменнай працэнтнай стаўкі пры ўмове павелічэння базавага паказчыка", - сказаў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Акрамя таго, законапраект стварае ўмовы для дадатковай абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг. Так, калі чалавек адмаўляецца ад дадатковых платных паслуг пры заключэнні крэдытнага дагавора, то яму павінен быць прапанаваны альтэрнатыўны варыянт крэдыту, супастаўны па тэрмінах і сумах. "З фізічных асоб не павінна спаганяцца плата за інфармацыю аб умовах крэдытавання, за адкрыццё бягучага і разліковага рахунку і залічэнне на яго сумы крэдыту, калі ўмовамі дагавора адкрыццё такога рахунку прадугледжана", - дадаў Тарас Надольны.

Старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна адзначыла, што папраўкі ў Банкаўскі кодэкс накіраваны перш за ўсё на ўдасканаленне дзейнасці нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, у ліку якіх, напрыклад, АРІП. "Удасканаленне заканадаўства ў гэтай галіне дасць магчымасць павысіць якасць банкаўскіх паслуг", - сказала яна.

У размове з журналістамі Людміла Дабрыніна звярнула ўвагу, што актыўнае развіццё лічбавых банкаўскіх паслуг патрабуе стварэння адзінага рэсурсу для абмену інфармацыяй паміж банкамі і МУС. Ён будзе нацэлены на процідзеянне махлярству пры правядзенні электронных плацяжоў.

Законапраектам прапанаваны і многія іншыя папраўкі ў Банкаўскі кодэкс. У прыватнасці, яны датычацца ўдасканалення парадку прадастаўлення звестак, якія з'яўляюцца банкаўскай тайнай, нарматыўнага рэгулявання парадку спынення дзейнасці банка і г.д. Абмяркоўваецца цяпер і папраўка ў арт. 141, у адпаведнасці з якой фізічная асоба, якая атрымала крэдыт, мае права датэрмінова вярнуць (пагасіць) поўнасцю або часткова крэдыт без папярэдняга паведамлення крэдытадаўцу з выплатай належных працэнтаў за фактычны тэрмін карыстання крэдытам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі