Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
17 ліпеня 2018, 12:21

У Беларусі ўбрана больш за палову плошчаў азімага рапсу

17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўбрана больш за палову плошчаў азімага рапсу, паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц на нарадзе ў Мінсельгасхарчы аб асаблівасцях уборкі ўраджаю 2018 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На сённяшнюю раніцу ў краіне ўжо ўбрана 6,4 працэнта плошчаў збожжавых. Сярэдняя ўраджайнасць - 26,7 ц/га. Убрана таксама 56 працэнтаў плошчаў азімага рапсу", - сказаў Леанід Заяц.

Ён падкрэсліў значнасць зладжанага і арганізаванага правядзення ўборачнай кампаніі. "Паспяховасць правядзення ўборачнай будзе залежаць ад тэхнічнай гатоўнасці збожжаўборачнага парку і зернесушыльных комплексаў, забяспечанасці палівам, зладжанай работы ўсіх звёнаў. Краіна амаль гатова да ўборкі збожжавых. На гэтым тыдні будзе канчаткова пастаўлена кропка ў пытаннях гатоўнасці большасці збожжаўборачных камбайнаў і зернесушыльных комплексаў, ад якіх, безумоўна, залежаць тэмпы ўборкі збожжавых культур", - адзначыў міністр.

Паводле інфармацыі на ўчарашні вечар, у Беларусі не гатова каля 6 працэнтаў збожжаўборачных камбайнаў. "Таксама яшчэ не гатовы 172 зернесушыльныя комплексы. Тэхнічная гатоўнасць збожжаўборачнага парку, вядома ж, вышэйшая адносна аналагічнай даты мінулага года, але тэрміны ўборкі збожжавых культур ужо насталі. Таму на завяршальным этапе чакаецца вельмі сур'ёзная работа, каб забяспечыць высокую тэхнічную гатоўнасць, высокую выпрацоўку - не менш як 5 працэнтаў плошчаў у дзень. Неабходна ў кароткі перыяд часу ўбраць збожжавыя культуры", - падкрэсліў Леанід Заяц.

Абмяркоўваліся таксама пытанні сяўбы азімага рапсу. "Гэта вельмі няпростая кампанія, неабходна зрабіць работу над памылкамі. Назапашаны ўжо багаты вопыт, у перадавых гаспадарак даволі нядрэнны ўраджай. Як пацвярджае практыка, вельмі важна выканаць тэрміны сяўбы гэтай культуры", - адзначыў міністр.

Таксама Леанід Заяц звярнуў увагу на неабходнасць пастаяннага кантролю за станам збожжаўборачнай тэхнікі, выканання правіл проціпажарнай бяспекі і тэхнікі бяспекі ў цэлым.

У фармаце відэаканферэнцыі выступілі з дакладамі прадстаўнікі камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў. Ва ўсіх рэгіёнах на гэты момант дажджлівае надвор'е стрымлівае тэмпы правядзення ўборачнай.

У Брэсцкай вобласці актыўна вядзецца ўборка збожжавых культур. Гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў і зернесушыльных комплексаў складае 98 працэнтаў. Убрана ўжо 22,5 працэнта плошчаў збожжавых, намалочана больш за 200 тыс. т. Чакаецца ўраджай збожжа ў аб'ёме 950 тыс. т. Таксама ўбрана больш за 90 працэнтаў азімага рапсу, намалочана 94 тыс. т.

У Віцебскай вобласці плануецца пачаць уборку збожжавых прыкладна праз тыдзень. Завяршаецца падрыхтоўка збожжаўборачнай тэхнікі. На сёння 11 раёнаў пачалі ўжо ўборку азімага рапсу, убрана каля 4 працэнтаў плошчаў. Брэсцкая вобласць выказала гатоўнасць дапамагчы іншым рэгіёнам ва ўборцы лёну, і Віцебская вобласць плануе прыняць гэту прапанову.

У Гомельскай вобласці 96 працэнтаў камбайнаў і 94 працэнты зернесушыльных комплексаў гатова да ўборачнай. Амаль усе раёны падключыліся да ўборкі збожжавых, ужо ўбрана больш за 8 працэнтаў плошчаў. Азімы рапс убраны больш як на 90 працэнтаў плошчаў, лён выцераблены на 27,7 працэнта.

У Гродзенскай вобласці ўбрана каля 8 працэнтаў плошчаў збожжавых культур, больш як 60 працэнтаў плошчаў азімага рапсу. Гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў - 96 працэнтаў, таксама гатовы амаль усе зернесушыльныя комплексы.

У Магілёўскай вобласці пачалі ўборку азімага рапсу, убрана каля 17 працэнтаў плошчаў. У рамонце застаецца частка збожжаўборачных камбайнаў, але к канцу дня 18 ліпеня плануецца выйсці на 98 працэнтаў гатоўнасці.

У Мінскай вобласці ўбрана 1,72 працэнта плошчаў збожжавых, 46,6 працэнта - азімага рапсу. Таксама выцераблена 13,7 працэнта плошчаў лёну.

У нарадзе прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства прамысловасці, канцэрна "Белдзяржхарчпрам", Камітэта дзяржаўнага кантролю, Генеральнай пракуратуры і МУС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі