Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
17 лютага 2017, 11:09

У Беларусі ў 2017 годзе плануецца стварыць не менш як 70 тыс. рабочых месц

17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў 2017 годзе плануецца стварыць не менш як 70 тыс. рабочых месц. Аб гэтым у інтэрв'ю газеце "Рэспубліка" расказаў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, паведамляе БЕЛТА.

Уладзімір Зіноўскі вылучыў тры напрамкі работы эканамічных і галіновых органаў у гэтым годзе. Першы - гэта захаванне макраэканамічнай збалансаванасці. Для гэтага разлічаны паквартальныя індыкатары індэкса спажывецкіх цэн і знешнегандлёвага сальда. Устаноўлены ліміты дырэктыўнага крэдытавання дзяржпраграм. Распрацаваны планы развіцця абласцей. Прадугледжаны штоквартальны галіновы і рэгіянальны маніторынг. "Сур'ёзныя прапановы ў нас выпрацаваны сумесна з міжнароднымі арганізацыямі. Так, у рамках супрацоўніцтва з МВФ адбыўся шэраг тэхнічных місій па ацэнцы якасці актываў беларускіх банкаў, рэструктурызацыі дзяржпрадпрыемстваў, павышэнні патэнцыялу мадэлявання манетарнай палітыкі", - растлумачыў міністр.

Другі момант - гэта фінансавае аздараўленне рэальнага сектара. Устаноўлены нарматывы зніжэння затрат. Уладзімір Зіноўскі звярнуў увагу, што новыя бізнес-планы арганізацый будуць абавязкова змяшчаць меры па зніжэнні затрат. Намечана паглыбленая фінансавая дыягностыка для фінансавага аздараўлення неплацежаздольных арганізацый.

Акрамя таго, адным з важнейшых напрамкаў работы стане паляпшэнне інвестыцыйнага клімату. Так, запланавана распрацоўка заканадаўства аб дасудовым урэгуляванні спрэчак з замежнымі інвестарамі. Прадугледжана правядзенне комплекснага аналізу заканадаўства для выяўлення норм, якія абмяжоўваюць канкурэнцыю на карысць арганізацый з удзелам дзяржавы. Распрацоўваюцца галіновыя і рэгіянальныя праграмы па развіцці гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі.

Росту эканомікі таксама будуць садзейнічаць эфектыўная сістэма занятасці, кадравая дыягностыка, стварэнне не менш як 70 тыс. рабочых месц на новых і мадэрнізаваных прадпрыемствах, павышэнне эфектыўнасці і празрыстасці кіравання дзяржаўнай маёмасцю і зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі на бізнес.

"Для аб'ектыўнай ацэнкі якасці рэалізацыі акрэсленых арыенціраў выбудавана сістэма ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы кіруючых кадраў. Іх дасягненне забяспечыць выкананне важнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2017 год", - рэзюмаваў Уладзімір Зіноўскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі