Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 красавіка 2017, 11:14

У Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для функцыянавання сербскага бізнесу і ўкладання інвестыцый - Калтовіч

20 красавіка, Бялград /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для функцыянавання сербскага бізнесу і ўкладання сербскіх інвестыцый. На гэта 19 красавіка звярнуў увагу міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Уладзімір Калтовіч, які з беларускага боку старшынстваваў на 10-м пасяджэнні міжурадавай беларуска-сербскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр адзначыў, што ў Мінску рэалізуюцца два вялікія інвестпраекты з удзелам сербскіх бізнесменаў - "Маяк Мінска" і "Мінск-Мір". У час афіцыйнага візіту старшыні ўрада Сербіі Аляксандра Вучыча ў Беларусь 26-27 студзеня гэтага года з удзелам кіраўнікоў урадаў дзвюх краін адбылася цырымонія адкрыцця бізнес-цэнтра "Дана Цэнтр" і ГЦ "Дана Мол", пабудаваных у адпаведнасці з праектам "Маяк Мінска".

Уладзімір Калтовіч таксама расказаў, што ў пачатку бягучага года пачалася рэалізацыя новага інвестпраекта з удзелам сербскіх партнёраў - будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу "БК Капітал Цэнтр" на пл. Кастрычніцкай у Мінску.

Паводле яго слоў, асаблівую актуальнасць інвесціраванне ў Беларусь атрымала пасля пачатку функцыянавання з 1 студзеня 2015 года Еўразійскага эканамічнага саюза, у рамках якога складваюцца спрыяльныя ўмовы для далейшага нарошчвання патэнцыялу беларуска-сербскага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.

"Ідэя стварэння балканскай пляцоўкі па зборцы, сэрвісе і пастаўках у Сербію і краіны рэгіёна прадукцыі сумеснай беларуска-сербскай вытворчасці знайшла сваю рэалізацыю ў стварэнні ў Сербіі зборачных вытворчасцей трактароў, аўтобусаў і грузавой тэхнікі. У выніку, напрыклад, сёння беларускі брэнд МТЗ не проста вядомы ў Сербіі, а трывала і заслужана займае сваю нішу на рынку гэтай краіны, - падкрэсліў міністр. - Мы імкнёмся ўлічваць інтарэсы Сербіі і забяспечваць максімальную лакалізацыю сумесна вырабленага прадукту. Па вельмі многіх напрамках мы складаем сур'ёзную канкурэнцыю кампаніям з трэціх краін".

У якасці прыкладу Уладзімір Калтовіч адзначыў перспектыўны праект па мадэрнізацыі пажарнага парку ў Сербіі: "Мы гатовы стварыць сербскі прадукт на аснове шасі МАЗ з вядомай сербскай кампаніяй "Ватраспрэм", а таксама забяспечыць добрыя ўмовы фінансавання".

Перспектыўнымі і ўзаемавыгаднымі напрамкамі ён назваў развіццё міжнароднай вытворчай кааперацыі і стварэнне міжнароднага холдынга на базе прадпрыемстваў ЗАТ "Белаўтагаз" і "Петар Драпшын" па вытворчасці аўтакампанентаў.

Акрамя таго, беларускі бок зацікаўлены ў падтрымцы зборачнай вытворчасці трактароў МТЗ у Сербіі шляхам уключэння ў дзяржаўныя і рэгіянальныя праграмы развіцця сельскай гаспадаркі. Беларусь спадзяецца на максімальнае прыцягненне СП "МАЗ-Балкан" да ўдзелу ва ўсіх тэндарах на пастаўку аўтобусаў і грузавых машын з рухавікамі на газавым паліве для дзяржструктур у Сербіі. Бачыцца мэтазгодным выкарыстоўваць напрацоўкі СП "МАЗ-Балкан" па зборцы беларускіх аўтобусаў і прапрацаваць магчымасць арганізацыі на базе гэтага прадпрыемства зборкі тралейбусаў МАЗ-ЭТОН.

Міністр таксама адзначыў, што Беларусь закупляе ў Сербіі для патрэб МТЗ, МАЗа і іншых прадпрыемстваў акумулятары, фарбу, шкло, сядзенні і іншыя кампаненты, ажыццяўляючы такім чынам ідэю аб інтэграцыі інтэграцый - еўрапейскай і еўразійскай - на карысць дзвюх дзяржаў і народаў.

Уладзімір Калтовіч у час пасяджэння міжурадавай камісіі таксама выказаў словы шчырай удзячнасці ганаровым консулам Беларусі ў Сербіі Драгаміру Карычу, Драгалюбу Швоне і Зорану Вулавічу за іх актыўную работу па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва.

З сербскага боку на пасяджэнні старшынстваваў міністр эканомікі Горан Кнежавіч.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Сербіі Уладзімір Чушаў, кіраўнік БелГПП Уладзімір Улаховіч, прадстаўнікі Мінсельгасхарча, Мінпрама, Мінспорту і турызму, кіраўніцтва ГПП Сербіі, прадстаўнікі дзелавых колаў дзвюх краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі