Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 верасня 2016, 14:54

У Беларусі створаны перадумовы для развіцця зялёнай эканомікі -Мінпрыроды

27 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі створаны перадумовы для развіцця зялёнай эканомікі. Аб гэтым заявіла сёння першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

Глабальнымі тэндэнцыямі зялёнай эканомікі з'яўляюцца павышэнне энергаэфектыўнасці ва ўсіх сферах, развіццё аднаўляльнай энергетыкі і экалагічна бяспечнага транспарту, забеспячэнне патрэбнасцей у бяспечных і якасных прадуктах харчавання і вадзе, будаўніцтва новай прамысловай і інфармацыйнай інфраструктуры. "Канцэпцыя зялёнай эканомікі - гэта даўно сфармуляваная мэта і шлях развіцця нашай эканомікі. І сёння неабходна прадоўжыць гэты шлях з улікам новых падыходаў", - падкрэсліла Ія Малкіна.

Паводле яе слоў, прыхільнасць Беларусі да прынцыпаў зялёнай эканомікі замацавана ў агульнадзяржаўных праграмных дакументах, уключаючы Нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця да 2030 года. Для выканання міжнародных абавязацельстваў па пераходзе на зялёную мадэль эканомікі рэалізуецца сістэма мер па ўмацаванні тэхналагічнага патэнцыялу нацыянальнай эканомікі, якія даюць магчымасць забяспечыць яе функцыянаванне на экалагічных зялёных прынцыпах. Акрамя таго, у 2015 годзе Беларусь на 70-й сесіі Генасамблеі ААН узяла на сябе абавязацельствы па рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця, а ў красавіку 2016 года падпісала Парыжскае пагадненне па клімаце.

"Можна сказаць, што ў Беларусі створаны перадумовы для развіцця зялёнай эканомікі", - адзначыла першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Цяпер Мінпрыроды сумесна з іншымі міністэрствамі распрацоўвае Нацыянальны план дзеянняў па ўкараненні прынцыпаў зялёнай эканомікі ў галінах народнай гаспадаркі, які павінен быць унесены ва ўрад у снежні 2016 года. Стратэгічнай мэтай нацыянальнага плана з'яўляецца фарміраванне комплексу мер па прыярытэтных напрамках праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады, уключаючы павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі