Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 чэрвеня 2017, 17:41

У Беларусі спрашчаецца ўваходжанне забудоўшчыкаў на рынак долевага будаўніцтва

29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі спрашчаецца ўваходжанне забудоўшчыкаў на рынак долевага будаўніцтва, паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Аляксандра Горваля, цяпер уносяцца змяненні ва ўказ нумар 263 аб долевым будаўніцтве. "Прадугледжваюцца нормы па спрашчэнні ўваходжання на рынак долевага будаўніцтва для забудоўшчыкаў. Адбудзецца ўрэгуляванне некаторых пазіцый, якія паказалі няяснасць у прымяненні на практыцы ў перыяд дзеяння ўказа нумар 263", - сказаў ён.

Разглядаецца магчымасць выключэння з указа пазіцый аб неабходнасці будаўніцтва 15 працэнтаў жылога дома за кошт сродкаў забудоўшчыка. Гэта датычыцца не ўсіх забудоўшчыкаў, а толькі ўпраўленняў капітальнага будаўніцтва і прадпрыемстваў з доляй дзяржуласнасці больш як 50 працэнтаў. "Ва УКБ у сувязі са зніжэннем аб'ёму будаўніцтва няма неабходных абаротных сродкаў, каб укласці 15 працэнтаў, а браць крэдыт - значыць рабіць даражэйшай будоўлю. Акрамя таго, гарантам УКБ і дзяржпрадпрыемстваў з'яўляецца дзяржава. Для камерцыйнага рынку прапануем пакінуць абавязак будаваць не менш як 15 працэнтаў, перш чым выйдзе праектная дэкларацыя", - растлумачыў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі.

Што датычыцца сістэмы жыллёва-будаўнічых зберажэнняў, Аляксандр Горваль растлумачыў, што яна прадугледжвае спецыялізаваны ўклад у камерцыйных банках і накапляльны перыяд ад трох да пяці гадоў, за час якога грамадзянін абавязуецца накапіць устаноўленую дагаворам суму - працэнт ад кошту будучага жылля, што залежыць ад рашэння банка, у якім ён будзе крэдытавацца. Пасля гэтага яму выдаецца крэдыт на адсутную суму для будаўніцтва жылля. У час накапляльнага перыяду грамадзянін атрымлівае пэўную падтрымку - дзяржаўную прэмію, якая павінна кампенсаваць страты, магчымыя ў выніку інфляцыйных працэсаў.

"На перыяд крэдытавання стаўка па крэдыце будзе крыху ніжэйшай, чым стаўкі, якія выдаюцца на жыллёвае будаўніцтва. Гэта дасць магчымасць прыблізна трэці грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, вырашыць жыллёвае пытанне самастойна", - падкрэсліў Аляксандр Горваль.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі