Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

У Беларусі распрацоўваецца новая рэдакцыя закона аб мытным рэгуляванні

Эканоміка 12.07.2018 | 12:39
Юрый Сянько. Фота з архіва
Юрый Сянько. Фота з архіва

12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі распрацоўваецца новая рэдакцыя закона аб мытным рэгуляванні. Падрыхтоўку праекта закона абмяркоўваюць прадстаўнікі мытных органаў і бізнес-супольнасці на пасяджэнні грамадска-кансультатыўнага савета пры Дзяржаўным мытным камітэце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Беларусі ідзе актыўная работа па паляпшэнні ўмоў вядзення бізнесу. Мытныя органы Беларусі таксама прымаюць меры, накіраваныя на садзейнічанне развіццю міжнароднага гандлю, у тым ліку электроннага, на спрашчэнне вядзення бізнесу, звязанага са знешнеэканамічнай дзейнасцю, у мэтах забеспячэння самых спрыяльных умоў для развіцця нацыянальнай эканомікі. Зацверджаны план мерапрыемстваў па прывядзенні беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з Мытным кодэксам ЕАЭС. Мы стварылі рабочую групу па падрыхтоўцы новай рэдакцыі закона "Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь". Новая рэдакцыя ўключае ў сябе 9 раздзелаў і каля 360 артыкулаў. Пры грамадска-кансультатыўным савеце створана экспертная група па разглядзе праекта закона, у склад якой увайшлі прадстаўнікі мытных органаў і бізнесу. Праведзены ўжо пасяджэнні гэтай групы, у час якіх разглядаліся заўвагі і прапановы бізнесу па чатырох раздзелах праекта закона", - сказаў старшыня ДМК Юрый Сянько.

Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Дзмітрый Кавалёнак адзначыў, што работа над праектам закона аб мытным рэгуляванні з'яўляецца лагічным прадаўжэннем работы над Мытным кодэксам ЕАЭС, які ўступіў у сілу 1 студзеня 2018 года. "Тыя нормы, якія былі закладзены ў кодэксе, знойдуць адлюстраванне ў нашым нацыянальным заканадаўстве. Асаблівая ўвага пры падрыхтоўцы праекта закона ўдзяляецца такім асноўным момантам, як электроннае дэклараванне, "адзінае акно", упаўнаважаныя эканамічныя аператары, свабодныя эканамічныя зоны. Прадаўжаем дыялог з прадстаўнікамі бізнесу, у прыватнасці, знойдзены кампрамісы адносна складоў часовага захоўвання, па асаблівасцях мытнага дэкларавання. Нас чакае шмат новага - будзе перыядычнае дэклараванне, папярэдняе, няпоўнае. Гэта новыя магчымасці для нашага бізнесу па скарачэнні фінансавай нагрузкі", - растлумачыў ён.

Начальнік галоўнага ўпраўлення тарыфнага рэгулявання і мытных плацяжоў ДМК Генадзь Даніленка дадаў, што наладжана цеснае ўзаемадзеянне з падатковымі органамі ў сувязі з комплекснай карэкціроўкай Падатковага кодэкса. "Гэта таксама частка сферы мытнага рэгулявання. Асобныя палажэнні Падатковага кодэкса прымяняюцца і мытнымі органамі. Магчыма, спатрэбяцца пэўныя карэкціроўкі, - звярнуў увагу ён. - Што датычыцца магчымых змяненняў у закон, прапанавана замацаваць нормы дэкрэта нумар 7, якія прадугледжваюць зніжэнне памеру пені ў два разы ў выпадку добраахвотнай выплаты. Мы таксама прапануем замацаваць норму, згодна з якой мытныя плацяжы можна будзе выплаціць трэцім асобам. Таксама будуць упарадкаваны пытанні збораў за мытнае афармленне".

Генадзь Даніленка дадаў, што сістэматызуюцца падыходы да пытанняў адтэрміноўкі і растэрміноўкі плацяжоў. Зменяцца тэрміны, падставы і ўмовы іх прадастаўлення. Плануецца, што такая адтэрміноўка (растэрміноўка) будзе павялічана: калі згодна з дзеючым заканадаўствам яна складае не больш за два месяцы, то ў перспектыве - не больш за шэсць месяцаў з дня, што ідзе за днём выпуску тавараў.

Плануецца, што выплата працэнтаў і іх памер за адтэрміноўку або растэрміноўку, тэрмін і парадак выплаты пені і працэнтаў будзе аднолькавы як для падаткаў, так і для пошлін.

Таксама праектам закона будзе прадугледжана ўдакладненне, у адпаведнасці з якім пацвярджэннем выплаты мытнага плацяжу будзе паступленне ў мытны орган інфармацыі аб выплаце ў электронным выглядзе. Прадстаўленне такіх дакументаў на папяровым носьбіце будзе прадугледжана ў асобных рэдкіх выпадках.

Згодна з плануемымі змяненнямі ў закон, меры па спагнанні мытных плацяжоў не будуць прымацца, калі рашэнне не прад'яўлена на працягу пяці гадоў з надыходу тэрміну выплаты.

Плануецца, што ў праекце закона будзе закладзена права плацельшчыка атрымліваць звесткі аб астатках грашовых сродкаў. Мытныя органы будуць абавязаны інфармаваць плацельшчыка па яго пісьмовай заяве.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Эканоміка
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Індывідуальнае прадпрымальніцтва У Беларусі з пачатку 2018 года павялічылася колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП).