Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 снежня 2017, 18:57

У Беларусі прапануецца распрацаваць адзіныя патрабаванні да ацэнкі маёмасці пад заклад

4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Асацыяцыя ацэначных арганізацый прапануе распрацаваць адзіныя патрабаванні да ацэнкі маёмасці пад заклад для паскарэння працэсу атрымання бізнесам крэдытных пазык. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшыня асацыяцыі Святлана Юрэня.

Яна падкрэсліла, што для развіцця бізнесу важна паскорыць працэс атрымання крэдытных пазык, зрабіць яго больш простым і зразумелым. Для гэтага трэба ўдасканаліць трохбаковае ўзаемадзеянне "банк-пазычальнік-ацэншчык". Пры афармленні крэдыту, напрыклад, для развіцця бізнесу, неабходна забяспечыць гэты крэдыт маёмасцю, якую пазычальнік будзе аддаваць у заклад. Яе рыначны кошт вызначаюць ацэначныя арганізацыі. "Бываюць сітуацыі, калі выдача крэдыту знаходзіцца пад пагрозай зрыву, а ўсе ўдзельнікі гэтага трохбаковага ўзаемадзеяння не задаволены яго рэзультатамі. Чаканні пазычальніка, крэдытнага аддзела не апраўдваюцца, ацэншчык, не жадаючы страціць свой заказ, ідзе на любыя ўступкі. Усё гэта зацягвае працэс атрымання крэдыту. Неабходна распрацаваць адзіныя патрабаванні, што прад'яўляюцца банкамі да дакументаў аб ацэнцы для мэт закладу, якія ажыццяўляюць выканаўцы ацэнкі. Пакуль гэтыя патрабаванні ў кожнага банка свае", - падкрэсліла Святлана Юрэня.

Гэта прапанова была агучана і на праведенай у Мінску рабочай сустрэчы ўдзельнікаў узаемадзеяння "банк-пазычальнік-ацэншчык", якая прайшла пры падтрымцы Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Свае меркаванні выказалі прадстаўнікі арганізацый-пазычальнікаў, выканаўцаў ацэнкі, Нацыянальнага банка, Банка Масква - Мінск, Беларусбанка, Банка БелВЭБ, Белінвестбанка, Банка развіцця Рэспублікі Беларусь і іншых. "Магчыма, будзе заключана пагадненне на ўзроўні банкаў", - адзначыла Святлана Юрэня.

Сярод іншых актуальных пытанняў Святлана Юрэня назвала неабходнасць стварэння адзінага спіса акрэдытаваных выканаўцаў ацэнкі для ўсіх банкаў. "Сёння банкі "фільтруюць" рынак ацэнкі для мэт закладу. Некаторыя з іх не прымаюць дакументы аб ацэнцы ад індывідуальных прадпрымальнікаў. У ідэале павінен быць спіс акрэдытаваных ацэначных арганізацый, які прымаўся б усімі банкамі. Для банкаў з замежным капіталам гэта пытанне патрабуе дадатковай прапрацоўкі. Калі б гэта ўдалося рэалізаваць, Беларусь стала б першай краінай на прасторы ЕАЭС, у якой гэты працэс ўніфікаваны", - растлумачыла яна.

Святлана Юрэня таксама праінфармавала, што ўдзельнікі трохбаковага ўзаемадзеяння прыйшлі да высновы адносна неабходнасці ўзаемнага інфармавання: былі згаданы выпадкі, калі кошт канкрэтных аб'ектаў нерухомай маёмасці ў розных выканаўцаў ацэнкі на адну і тую ж дату адрозніваецца ў разы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі