Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 верасня 2017, 13:34

У Беларусі пачалася работа над Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця да 2035 года

18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі пачалася работа над Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця да 2035 года, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт Міністэрства эканомікі.

У Навукова-даследчым эканамічным інстытуце Мінэканомікі (НДЭІ) адбылося першае пасяджэнне Грамадскага савета па маніторынгу і ацэнцы ўстойлівага развіцця. "Гэты дарадчы і кансультатыўны орган створаны пры НДЭІ для выпрацоўкі мэт і прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на доўгатэрміновы перыяд, якія лягуць у аснову Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2035 года і іншых праграмных дакументаў", - растлумачылі ў Мінэканомікі.

У склад грамадскага савета ўвайшлі кіраўнікі інстытутаў Мінэканомікі і самога міністэрства, НАН, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, эксперты БДЭУ, БДПУ, РІПА, прадстаўнікі ААН і іншых міжнародных арганізацый, МЗС, Мінпрыроды, даследчых цэнтраў, грамадскіх аб'яднанняў і бізнес-саюзаў.

Вітаючы ўдзельнікаў савета, міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі адзначыў, што яго пасяджэнне можна лічыць зыходным пунктам работы над адным з важнейшых дакументаў краіны - Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця да 2035 года. "Пачаць гэту работу мы вырашылі з імплементацыі глабальных задач і мэт ААН у галіне ўстойлівага развіцця. Яна ўключае, як вы ведаеце, 17 мэт. Для іх рэалізацыі ў Беларусі ўжо створана нацыянальная сістэма паказчыкаў. Гэта маштабная работа праведзена Саветам па ўстойлівым развіцці пад кіраўніцтвам Мар'яны Шчоткінай", - падкрэсліў Уладзімір Зіноўскі.

Міністр акрэсліў тры задачы, якія, на яго думку, стаяць перад грамадскім саветам. Першая заключаецца ў ацэнцы дзеючай стратэгіі ўстойлівага развіцця. Другая - у выпрацоўцы нацыянальных прыярытэтаў і мэт развіцця да 2035 года, вызначэнні актуальных для Беларусі паказчыкаў у галіне ўстойлівага развіцця. Трэцяя задача - уласна распрацоўка нацыянальнай стратэгіі.

"Відавочна, што стратэгія павінна стаць галоўным інструментам дасягнення мэт устойлівага развіцця, а сістэма паказчыкаў - індыкатарамі іх рэалізацыі. І ў гэтым бачыцца галоўная мэта дзейнасці ствараемага грамадскага савета", - адзначыў міністр.

Ён выказаў надзею, што грамадскі савет стане сувязным звяном паміж органамі дзяржкіравання і грамадзянскай супольнасцю ў частцы кансалідацыі намаганняў дзяржавы, бізнесу і грамадства ў вызначэнні будучыні краіны. Для гэтай жа мэты будзе шырока выкарыстаны міжнародны вопыт.

"Арыентуючыся на прынцыпы ўстойлівасці, мы не можам разглядаць сябе выключна як асобна існуючую дзяржаву. Сусветныя тэндэнцыі не абыходзяць бокам ні адну цывілізаваную дзяржаву. Гэта значыць, наша задача, як гаворыцца, быць у трэндзе ўстойлівасці, - сказаў Уладзімір Зіноўскі. - Пры гэтым палітыка дзяржавы накіравана на паляпшэнне дабрабыту кожнага чалавека, камфортных умоў яго жыцця і, вядома, стварэнне эканамічнага базісу. Гэта новыя вытворчасці і рабочыя месцы, дастойны ўзровень заработнай платы".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі