Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 сакавіка 2017, 18:59

У Беларусі могуць пашырыць паўнамоцтвы мясцовых Саветаў па рэгуляванні ставак некаторых падаткаў

28 сакавіка, Лагойск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі паўнамоцтвы мясцовых Саветаў дэпутатаў па ўстанаўленні ставак некаторых падаткаў могуць пашырыцца. Аб гэтым сёння ішла размова на выязным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыла старшыня парламенцкай камісіі Людміла Дабрыніна, у якасці базы для правядзення пасяджэння Лагойскі раён быў выбраны не выпадкова. Фарміраванне даходаў мясцовых бюджэтаў залежыць непасрэдна ад развіцця рэгіёнаў. Калі, напрыклад, Лагойскі раён паспяхова развіваецца, адпаведна і напаўняльнасць даходнай часткі бюджэту добрая. Самае галоўнае, што тут пачалі фарміраваць бездатацыйны бюджэт, падкрэсліла яна.

Намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў, які прыняў удзел у пасяджэнні, звярнуў увагу на той факт, што бюджэты базавага ўзроўню адыгрываюць важную ролю ў рэалізацыі дзяржаўных функцый. Менавіта за кошт іх сродкаў органы дзяржкіравання забяспечваюць прадастаўленне асноўных сацыяльных паслуг у галіне адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту і інш. Паводле слоў намесніка міністра, штогод расходы мясцовых бюджэтаў у сярэднім захоўваюцца на ўзроўні 16 працэнтаў ВУП і займаюць больш за палавіну кансалідаванага бюджэту краіны.

Юрый Селіверстаў падкрэсліў, што на практыцы рэалізаваны шэраг мер, якія накіраваны на ўмацаванне рэсурснай базы мясцовых бюджэтаў і зніжэнне іх залежнасці ад датацый вышэйстаячых бюджэтаў. Так, мясцовыя бюджэты ў сярэднім на 70 працэнтаў фарміруюцца за кошт падатковых паступленняў. За імі заканадаўча замацаваны такія крыніцы даходаў, як падаходны падатак і падаткі на ўласнасць. Такім чынам, мясцовыя ўлады зацікаўлены ў павелічэнні аплаты працы ў рэгіёне, а таксама ў стварэнні і развіцці вытворчых магутнасцей на падведамных прадпрыемствах.

Прадстаўнік Мінфіна нагадаў аб павышэнні ў 2015 годзе стаўкі падаходнага падатку да 13 працэнтаў, які выплачваецца ў мясцовыя бюджэты. Мясцовым Саветам дэпутатаў прадастаўлена права павышаць базавыя стаўкі зямельнага падатку і падатку на нерухомую маёмасць да 2,5 раза. У кампетэнцыі мясцовых улад таксама ўстанаўленне ставак падатку на прыбытак, тым самым рэгіёны матывуюцца да павышэння эфектыўнасці дзеючых прадпрыемстваў, спрыяння новаму бізнесу і стварэння рабочых месц.

"Аднак развіццё мясцовага падаткаабкладання застаецца актуальным пытаннем. Для стымулявання мясцовых Саветаў дэпутатаў неабходна разглядаць пытанні аб тым, каб імі магла рэгулявацца, напрыклад, велічыня ставак збору за ажыццяўленне паслуг аграэкатурызму па аналогіі з курортным зборам. Яшчэ адна магчымасць - гэтак жа зрабіць і са зборам за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці. Магчыма, трэба ў перспектыве пашырыць паўнамоцтвы мясцовых Саветаў адносна падаткаў на нерухомую маёмасць. Пры гэтым неабходна, каб такія рашэнні дасканала вывяраліся і прымаліся з улікам інтарэсаў насельніцтва і бізнесу", - сказаў Юрый Селіверстаў.

Члены Пастаяннай камісіі, прадстаўнікі Мінфіна і Міністэрства па падатках і зборах абмеркавалі прапановы. У час пасяджэння яны звярнулі ўвагу на рэзервы фарміравання даходнай часткі мясцовых бюджэтаў, якія бачацца ў павелічэнні паступленняў ад малога і сярэдняга бізнесу. "Неабходна пры падрыхтоўцы законапраектаў на 2018 год, і менавіта бюджэтнага пакета, улічыць паступіўшыя прапановы і сумесна іх яшчэ раз абмеркаваць, асабліва падыходы па адміністраванні мясцовых падаткаў і збораў", - падкрэсліла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна.

Таксама члены камісіі звярнулі ўвагу на выкананне расходнай часткі мясцовых бюджэтаў. Яны прыйшлі да высновы аб неабходнасці паступовага павелічэння ў іх расходаў капітальнага характару.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі