Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 снежня 2017, 19:29

У Беларусі для прыцягнення дадатковых даходаў у мясцовыя бюджэты плануецца задзейнічаць механізмы стымулявання

15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі для прыцягнення дадатковых даходаў у мясцовыя бюджэты плануецца задзейнічаць механізмы стымулявання, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Савета Рэспублікі.

Як адзначыў член Прэзідыума верхняй палаты беларускага парламента Уладзімір Панцюхоў, праектам бюджэту на наступны год прадугледжаны механізмы стымулявання прыцягнення мясцовымі бюджэтамі дадатковых сродкаў без змяншэння памеру міжбюджэтных трансфертаў. "Мы сёння павінны разам падахвочваць і працаўнікоў, і бізнес-супольнасць зрабіць усё магчымае, каб павялічыць даходную частку бюджэту. Задача ў тым, каб мясцовыя бюджэты самі змаглі зарабляць і не чакалі датацый з рэспубліканскага бюджэту. І мы павінны гэту ініцыятыву заахвочваць, стымуляваць, каб яны разумелі, што любы дадаткова зароблены рубель застанецца там - у вобласці, раёне, горадзе", - падкрэсліў сенатар.

Уладзімір Панцюхоў прыняў сёння ўдзел у пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах. Разам з кіраўніцтвам Мінфіна і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны парламентарыі абмеркавалі праекты законаў аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год, аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 2018 год і аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Бюджэтны кодэкс.

Як паведамлялася, у першым чытанні ў Палаце прадстаўнікоў пакет бюджэтных дакументаў на 2018 год плануецца разгледзець 18 снежня. У якасці асноўных параметраў для разліку праекта бюджэту на 2018 год прыняты кансерватыўны сцэнарый знешніх умоў, пры якім тэмп росту ВУП Беларусі - 101,2 працэнта, сярэднегадавыя параметры: інфляцыя - 107,4 працэнта, стаўка рэфінансавання - 11 працэнтаў гадавых, цана на нафту - $43 за бараль, курс долара - Br2,038 і 62,3 расійскага рубля.

Аб'ём даходаў рэспубліканскага бюджэту прагназуецца ў суме Br20,5 млрд, або 107,5-107,8 працэнта да ацэнкі даходаў 2017 года. Расходы запланаваны ў суме Br19,8 млрд, што складае каля 107 працэнтаў да ацэнкі 2017 года. Прафіцыт рэспубліканскага бюджэту сфарміраваны ў суме Br718,3 млн (0,64 працэнта ВУП) і будзе накіраваны на пагашэнне часткі дзяржаўнага доўгу.

Прыярытэтнымі задачамі пры фарміраванні праекта бюджэту з'яўляюцца своечасовыя і ў поўным аб'ёме выплаты па знешніх дзяржаўных абавязацельствах без нарошчвання доўгу, а таксама забеспячэнне ў поўным аб'ёме ўсіх расходаў па сацыяльных выплатах і заработнай плаце ў бюджэтным сектары і сферы дзяржаўнага кіравання, захаванне не ніжэй за 2017 год дзяржаўнай падтрымкі экспарту тавараў беларускай вытворчасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі