Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 жніўня 2016, 12:49

Цапкала: падатковыя пытанні павінны вырашацца шляхам перагавораў паміж уладай і бізнесам

25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падатковыя пытанні павінны вырашацца шляхам перагавораў паміж уладай і бізнесам, такое меркаванне выказаў дырэктар дзяржаўнай установы "Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій" Валерый Цапкала ў інтэрв'ю, апублікаваным у газеце "СБ. Беларусь сегодня", паведамляе БЕЛТА.

"Пытанні з падаткамі павінны вырашацца спакойна, шляхам перагавораў паміж уладамі і суб'ектамі гаспадарання, як гэта адбываецца ў ЗША, Еўропе і развітых краінах Азіі. Патрэбны цывілізаваныя падыходы ў вырашэнні эканамічных праблем узаемаадносін паміж дзяржавай і грамадзянамі. У адносінах да суб'ектаў гаспадарання ўжо не падыходзяць падыходы, што прымяняюцца да забойцаў, тэрарыстаў, грабежнікаў, наркагандляроў і іншых асацыяльных элементаў. Прадпрыемлівыя людзі не толькі не ўяўляюць небяспекі для грамадства, але і наадварот - ствараюць рабочыя месцы і садзейнічаюць эканамічнаму росту", - падкрэсліў Валерый Цапкала.

Дырэктар адміністрацыі ПВТ адзначыў, што ў развітых краінах працэдура разгляду спраў, звязаных з выплатай падаткаў, вызначана грамадзянска-прававымі адносінамі. Крымінальны аспект прыпадае на самы крайні выпадак, калі поўнасцю вычарпаны магчымасці ўрэгуляваць пытанне ў рамках грамадзянска-прававых адносін.

Акрамя таго, паводле слоў Валерыя Цапкалы, з беларускага крымінальнага заканадаўства трэба выключыць адказнасць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць (за выключэннем медыцынскай, звязанай з жыццём людзей, і фінансавай, звязанай з вырабам фальшывых грошай, будаўніцтвам розных фінансавых пірамід і інш.). У заканадаўстве ж ужо ёсць адміністрацыйная адказнасць за дзейнасць без рэгістрацыі. "Думаю, што гэты артыкул у Крымінальным кодэксе застаўся як рэлікт савецкай эканомікі, калі маглі існаваць толькі дзяржаўныя прадпрыемствы. І калі нехта вырашыў заняцца, скажам, пашывам джынсавых касцюмаў (іх называлі "цэхавікі"), то яго дзейнасць кваліфікавалася як незаконная, яго арыштоўвалі і ён павінен быў адсядзець доўгі тэрмін у турме. Але час ужо іншы. Без прыватнага бізнесу немагчыма ўявіць сабе сучасную эканоміку. І без права людзей нешта распачынаць, рызыкаваць, спрабаваць немагчыма развіццё", - канстатаваў дырэктар адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій.

Цяпер у ПВТ працуюць крыху больш як 24 тыс. чалавек, у 2015 годзе было створана 3 тыс. рабочых месц. У парку - 152 рэзідэнты: 62 кампаніі заснаваны беларускімі інвестарамі, 54 кампаніі - замежнымі інвестарамі, 36 з'яўляюцца сумеснымі камерцыйнымі арганізацыямі. У 2016 годзе ПВТ плануе павялічыць экспарт паслуг да $1 млрд.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі