31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветны банк прапануе ў дарожнай карце павышэння эфектыўнасці беларускай эканомікі ўзмацніць сістэму сацыяльнай абароны насельніцтва, паведаміў журналістам кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер на палях "Кастрычніцкага эканамічнага форуму", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вельмі важна для Беларусі ўзмацніць сістэму сацыяльнай абароны насельніцтва. Калі адбываецца рэструктурызацыя, людзі мяняюць работу, пераходзяць з адной на іншую, і яны павінны рабіць гэта не баючыся", - лічыць Алекс Крэмер.
Акрамя ўзмацнення сістэмы сацабароны ў дарожнай карце прапанаваны рэкамендацыі Сусветнага банка па рэформе дзяржпрадпрыемстваў, павышэнні ўстойлівасці фінансавага сектара, тарыфнай палітыцы на цеплазабеспячэнне.
Паводле слоў Алекса Крэмера, дарожная карта абмяркоўваецца з урадам, на разгляд кіраўніка дзяржавы яна яшчэ не ўносілася.
Каменціруючы магчымасці прыцягнення пазыкі СБ на мэты развіцця, Аляксандр Крэмер растлумачыў, што гэта шмат у чым залежыць ад праграмы Беларусі з МВФ. "Мы ўжо гаварылі аб тым, што Сусветны банк гатовы фінансаваць рэформы, шмат у чым гэта залежыць ад праграмы з Міжнародным валютным фондам", - сказаў ён.-0-