Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 верасня 2017, 13:36

Супрацоўніцтва ЕБРР і Беларусі выйшла на стратэгічны ўзровень - Чакрабарці

14 верасня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Супрацоўніцтва Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця з Беларуссю выйшла на стратэгічны ўзровень, заявіў сёння журналістам прэзідэнт ЕБРР Сума Чакрабарці па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Супрацоўніцтва Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця з Беларуссю выйшла на стратэгічны ўзровень. Гэта азначае, што мы будзем прысвячаць яму значна больш часу. Засталося тры гады для рэалізацыі Стратэгіі для Беларусі, прынятай ЕБРР. Цяпер мы распрацуем яшчэ і зацвердзім дарожную карту, каб устанавіць тэрміны, калі будуць прымацца рашэнні, калі мы будзем аб'яўляць аб якіх-небудзь дасягненнях", - сказаў Сума Чакрабарці.

Кіраўнік ЕБРР звярнуў увагу, што яго перагаворы з Аляксандрам Лукашэнкам былі вельмі плённымі, прадаўжаліся значна больш за запланаваны час. Бакі абмеркавалі супрацоўніцтва па мностве напрамкаў. Размова ішла ў тым ліку аб падтрымцы ААТ "Белінвестбанк". "Настане час, калі ЕБРР стане акцыянерам банка, але для гэтага павінны адбыцца пэўныя змяненні. Мы бачым, што яны ўжо ў Белінвестбанку адбываюцца", - адзначыў ён.

Хоць банкаўская сфера - адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці ЕБРР, былі разгледжаны і іншыя напрамкі супрацоўніцтва. "Мы не павінны забываць пра простых людзей. Для іх вельмі важна паляпшэнне якасці паслуг на мясцовым узроўні, таму мы займаемся такімі пытаннямі, як водазабеспячэнне, работа з адходамі, магчымасць атрымання крэдытаў, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу. Менавіта гэта ўплывае на штодзённае жыццё простых беларусаў. Мы абмяркоўвалі і глабальныя праекты, і тыя праекты, якія будуць прыкметны кожнаму грамадзяніну", - падкрэсліў субяседнік.

Сума Чакрабарці канстатаваў, што супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕБРР пашыраецца. "У бліжэйшы час будзе весціся размова аб інвестыцыях банка ў суме да 200 млн еўра. Вы ўбачыце наш удзел у розных сферах. Мы абмяркоўвалі пытанні мадэрнізацыі трасы М10, размова будзе ісці і аб іншых пытаннях у транспартнай сферы, - сказаў ён. - Мне было вельмі прыемна ўбачыць асабістую зацікаўленасць Прэзідэнта ў пытаннях зялёнай энергетыкі, паколькі ў сучасным свеце мы павінны гаварыць аб павышэнні энергаэфектыўнасці. У гэтым напрамку вельмі важна моцнае лідарства. Мне прыемна было пачуць аб праектах, якія рэалізуюцца ў Беларусі. Будаўніцтва гідраэлектрастанцыі, устаноўка сонечных батарэй - гэта інвестыцыі, якія ў хуткім часе даюць эфект, зніжаюць кошт электраэнергіі і робяць планету лепшай. Беларусь магла б быць лідарам у гэтым напрамку".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі