Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
02 лістапада 2017, 15:16

Судан мае намер супрацоўнічаць з Беларуссю ў сферах сельскай гаспадаркі і прамысловасці

2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Судан зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Беларуссю ў сферах сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Аб гэтым заявіў сёння журналістам губернатар штата Хартум Абдэльрахім Махамед Хусэйн перад афіцыйнай сустрэчай у Мінаблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Візіт накіраваны на развіццё супрацоўніцтва з Беларуссю, - сказаў Абдэльрахім Махамед Хусэйн. - У штаце Хартум знаходзіцца 90 працэнтаў прамысловасці Судана, амаль увесь экспарт ідзе праз яго. А сам Судан - трэцяя па плошчы краіна ў Афрыцы, яна займае першае месца ў сферах сельскай гаспадаркі і харчавання. У нас адбылася сустрэча ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, мы дамовіліся аб вялікай колькасці праектаў у гэтай сферы".

Асабліва актыўна ў Судане развіваецца жывёлагадоўля: у краіне рэалізуецца спецыяльная праграма, якая ахоплівае ўсе этапы, пачынаючы ад селекцыі парод і заканчваючы мясаперапрацоўкай. "У Беларусі ёсць добры вопыт і сучасныя тэхналогіі, а ў нас - неабходны прыродны рэсурс. Думаю, супрацоўніцтва будзе плённым", - сказаў губернатар штата Хартум.

У час візіту госці таксама наведаюць шэраг прадпрыемстваў Мінскай вобласці, найбольш цікавых у кантэксце магчымага супрацоўніцтва: ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-холдынг", ААТ "Здравушка-мілк", малочнатаварную ферму філіяла "Вялікія Навасёлкі" УП "Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў". Старшыня камітэта эканомікі Мінаблвыканкама Сяргей Жалязняк адзначыў: "Сёння ўзаемаадносіны Мінскай вобласці з Суданам толькі зараджаюцца. Мы пакажам свой эканамічны патэнцыял. У прыватнасці, іх цікавяць беларускія буйныя самазвалы, вытворчасць малака і малочных прадуктаў, пастаўка агародніны і фруктаў у нашу краіну. Сёння будзе зроблены першы крок па ўзаемадзеянні на ўзроўні рэгіёнаў". Ён удакладніў, што размова ідзе не толькі аб наладжванні ўзаемнага гандлю, але і аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў, таксама аб узаемадзеянні ў сферы ЖКГ, абмене вопытам у розных напрамках.

У студзені-жніўні 2017 года ў Мінскую вобласць з Судана ўвезены фрукты і агародніна на суму $6,1 млн (яблыкі, грушы, айва, цытрусавыя, капуста, таматы і інш.), імпарт паслуг склаў $188,8 тыс. Арганізацыі Мінскай вобласці ў гэты перыяд экспарт у Судан не ажыццяўлялі, а экспарт паслуг склаў больш за $1 млн.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі