Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 снежня 2016, 15:33

Стварэнне інтэграцыйнай платформы развіцця дапаможа сумеснай прадукцыі Беларусі і Расіі выйсці ў трэція краіны

8 снежня, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Стварэнне інтэграцыйнай платформы развіцця дапаможа сумеснай прадукцыі Беларусі і Расіі выйсці на рынкі трэціх краін, заявіў сёння журналістам старшыня расійскай дзяржаўнай карпарацыі "Банк развіцця і знешнеэканамічнай дзейнасці (Знешэканамбанк)" Сяргей Гаркоў пасля сустрэчы з першым намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі Васілём Мацюшэўскім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Урад Беларусі, дзяржаўная карпарацыя "Банк развіцця і знешнеэканамічнай дзейнасці (Знешэканамбанк)", Банк развіцця Беларусі, дзяржаўны спецыялізаваны Расійскі экспартна-імпартны банк і Банк БелЗЭБ заключылі сёння мемарандум аб намерах па стварэнні інтэграцыйнай платформы развіцця.

"Наша задача - стварыць платформу, калі мы маглі б павялічыць экспарт не толькі паміж Расіяй і Беларуссю, але і выйсці ў трэція краіны з сумеснай прадукцыяй. Такім чынам, гэта платформа дае магчымасць павялічыць аб'ём экспарту і, самае галоўнае, стварыць сінергію, аб'яднаць усіх удзельнікаў працэсу. У гэтым інавацыйнасць ідэі", - растлумачыў Сяргей Гаркоў і нагадаў, што стварэнне такой платформы - гэта прапанова беларускага ўрада.

Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі падкрэсліў, што работа ў рамках платформы будзе весціся па некалькіх напрамках - гэта і падтрымка ўзаемнага экспарту паміж Расіяй і Беларуссю, і, што асабліва важна, падтрымка ўзаемнага экспарту ў трэція краіны. "Сумеснымі намаганнямі мы можам знайсці новыя пункты росту для паступальнага развіцця інтэграцыйных працэсаў на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы", - рэзюмаваў ён.

Мемарандум прадугледжвае фарміраванне пераліку інвестыцыйных праектаў дзвюх краін, якія маюць высокі інтэграцыйны патэнцыял, і эфектыўнае выкарыстанне дзеючых і новых інструментаў фінансавання працэсу іх рэалізацыі. Будзе праводзіцца работа ў галіне ўдасканалення заканадаўчай базы, якая рэгламентуе інтэграцыйныя працэсы. Прадугледжваецца больш поўнае выкарыстанне фінансава-эканамічнага патэнцыялу Саюзнай дзяржавы для развіцця эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі, у тым ліку для фарміравання ўстойлівых міжгаліновых кластараў, арыентаваных на экспарт у трэція краіны.

Для правядзення гэтай работы ў Беларусі быў створаны праектны офіс па развіцці экспарту.

Акрамя таго, мемарандум аб супрацоўніцтве сёння заключылі Знешэканамбанк, Банк БелЗЭБ і БелАЗ. "Мы пачынаем работу з БелАЗам. Гэта цудоўная кампанія, якая вырабляе добрую тэхніку, мае частку таксама расійскага складніка з пункту гледжання кампанентаў. БелАЗ стане для нас пілотным праектам", - растлумачыў Сяргей Гаркоў.

Дакумент прадугледжвае набыццё ААТ "БелАЗ" прадукцыі, вырабленай у Расіі, экспарт прадукцыі БелАЗа ў Расію, а таксама пастаўкі ў трэція краіны прадукцыі, вырабленай прадпрыемствам з расійскімі калегамі на кааперацыйнай аснове.

Таксама сёння было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне арганізацыі паставак прадукцыі расійскай аўтамабільнай прамысловасці ў Беларусь. Яго заключылі Знешэканамбанк, Банк развіцця Беларусі, Банк БелЗЭБ і Ульянаўскі аўтамабільны завод. Дакумент прадугледжвае ўзаемныя кансультацыі па рэалізацыі магчымасцей паставак прадукцыі расійскага аўтапрама ў Беларусь, а таксама варыянты арганізацыі фінансавання або суфінансавання праектаў пастаўкі прадукцыі Ульянаўскага аўтамабільнага завода ў Беларусь, уключаючы магчымасць выкарыстання крэдытна-лізінгавых схем.

Старшыня праўлення ААТ "Банк БелЗЭБ" Мікалай Лузгін пасля падпісання дакументаў адзначыў, што канкрэтнага пераліку інвестпраектаў, якія будуць рэалізоўвацца з дапамогай інтэграцыйнай платформы, яшчэ няма. "Мы працуем над гэтым, запытваем даныя ў нашых і расійскіх ведамстваў па тых прадпрыемствах, якія ў найбольшай ступені ўключаны ў інтэграцыйныя працэсы", - растлумачыў ён і расказаў, што ў бліжэйшы час будзе сфарміравана рабочая група з прадстаўнікоў як беларускага, так і расійскага боку для рэалізацыі палажэнняў мемарандума.

Па выніках студзеня-верасня агульны аб'ём інтэграцыйных праектаў, прафінансаваных Банкам БелЗЭБ, склаў $736 млн у эквіваленце, пры гэтым доля расійска-беларускіх праектаў 47,3 працэнта. Аб'ём крэдытнай падтрымкі прадпрыемстваў Беларусі, арыентаваных на рэалізацыю сваёй прадукцыі ў Расію, за 10 месяцаў перасягнуў $210 млн. На фінансаванне набыцця тавараў, сыравіны і абсталявання з Расіі ў студзені-кастрычніку банкам накіравана $286 млн.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі