Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 кастрычніка 2016, 17:10

Стратэгію развіцця фінансавага рынку Беларусі дапрацуюць да канца года

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стратэгію развіцця фінансавага рынку да 2020 года дапрацуюць да канца бягучага года, паведаміў журналістам першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны пасля адкрыцця 11-й спецыялізаванай выстаўкі фінансавых паслуг "МанiФэст" у Мінску, перадает карэспандэнт БЕЛТА.

"Дапрацоўваем, улічваючы, што вельмі шырокае кола пытанняў захоплівае. Рэгулятары рынку - і Міністэрства фінансаў, і Нацыянальны банк - кожны па сваіх сектарах, таму выпрацоўваем пэўнае ўзгодненае бачанне, рашэнне. Лічу, што да канца года мы ўсё ж такі давядзём да канца", - сказаў Тарас Надольны.

Размова ідзе аб стварэнні ўмоў для больш эфектыўнага пераразмеркавання рэсурсаў унутры фінансавага рынку.

Выстаўка фінансавых паслуг "МаніФэст" праходзіць 27-29 кастрычніка. Бізнес-дзень праводзіцца сёння. Акцэнт зроблены на формах, метадах і крыніцах фінансавання малога і сярэдняга бізнесу, на выкарыстанні даступных рэсурсаў фінансавай сістэмы для развіцця суб'ектаў гаспадарання. Семінар па пытаннях фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва як з боку дзяржавы, так і з боку суб'ектаў фінансавага рынку ініцыіраваў Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва. Удзел у ім прымаюць прадстаўнікі Мінэканомікі, Банка развіцця, ЕБРР, Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў. Акрамя таго, для прадстаўнікоў фінансавага сектара запланаваны семінар "Новыя стандарты продажаў фінансавых паслуг", а для банкаўскага сектара - майстар-клас па вызначэнні ключавых паказчыкаў эфектыўнай дзейнасці структурных падраздзяленняў "KPI ў банку: практыка ўкаранення комплексных рашэнняў".

Пятніца, 28 кастрычніка, названа Днём спажыўца, таму ўсе мерапрыемствы прызначаны для фізічных асоб. Ім будзе прадастаўлена магчымасць дыстанцыйнага афармлення плацежнай карткі пры дапамозе карпаратыўнага сайта банка, М-банкінгу, інтэрнэт-банкінгу. У суботу ўсе мерапрыемствы на выстаўцы пройдуць пад знакам Дня сям'і і будуць арыентаваны на павышэнне фінансавай дасведчанасці насельніцтва - такую магчымасць атрымаюць дарослыя і дзеці, акрамя таго, можна будзе згуляць у "Фінансавы футбол", прыняць удзел у эканамічных гульнях, квесце, віктарынах, алімпіядах і конкурсах.

Мерапрыемства праходзіць у Палацы спорту пад патранажам Нацыянальнага банка Беларусі, арганізатарам выступае выставачнае прадпрыемства "Экспафорум".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі