Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 кастрычніка 2015, 16:00

Стаўкі крэдытаў у Беларусі плануецца знізіць у 2016 годзе да 24-27 працэнтаў

23 кастрычніка, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. У Беларусі ў 2016 годзе плануецца знізіць стаўкі няльготных крэдытаў да 24-27 працэнтаў. Аб гэтым заявіў сёння першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Аляксандр Забароўскі на XVI Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця: структурныя рэформы і эканамічны рост", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Рэалізацыя мер урада і Нацбанка на 2016 год дасць магчымасць знізіць стаўкі па няльготных крэдытах з цяперашніх 37 працэнтаў да 24-27 працэнтаў, сярэдняя стаўка па эканоміцы складзе 15 працэнтаў пры інфляцыі 12 працэнтаў. Гэта значыць будуць тыя класічныя 3 працэнты маржы, пра якія мы гаворым з пункту гледжання адпаведнасці інфляцыі і сярэдняй стаўкі па крэдытах", - адзначыў Аляксандр Забароўскі.

Паводле яго слоў, у адрас урада і Нацбанка гучыць крытыка за дарагавізну крэдытаў і адмову ў крэдытаванні. "На мой погляд, гэта крытыка павярхоўная, яна не ўлічвае дыспарытэт ставак на крэдытна-дэпазітным рынку. За кошт ільгот для адных завышаюцца стаўкі для іншых. Сярэдняя працэнтная стаўка па ўсіх крэдытах рэальнаму сектару ў студзені-верасні 2015 года - каля 17 працэнтаў. Пры гэтым па льготных - 9,1 працэнта, па няльготных - 36,6 працэнта", - растлумачыў ён.

Аляксандр Забароўскі канстатаваў, што да 2020 года плануецца выйсці на працэнтныя стаўкі 11-12 працэнтаў па няльготных крэдытах і інфляцыю 5 працэнтаў з шырокім канкурэнтным доступам да камерцыйнага банкаўскага крэдытавання для ўсіх. "Але тут няма простых рашэнняў. Трэба ўлічваць, што многія ў першую чаргу дзяржпрадпрыемствы прывыклі жыць ва ўмовах вельмі мяккіх бюджэтных абмежаванняў або, проста кажучы, у нас сфарміравалася прывычка разглядаць крэдыты не як платныя і зваротныя рэсурсы, а як фінансаванне, якое потым можна не вяртаць", - сказаў ён. Пры гэтым першы намеснік міністра падкрэсліў, што ў бягучым годзе ўся эканоміка працуе ў жорсткіх бюджэтных абмежаваннях. "Так будзе і ў 2016 годзе, і мы плануем, што і ва ўсёй пяцігодцы", - падагульніў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі