Сцяг Пятніца, 3 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 красавіка 2016, 17:50

Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 1 мая будзе зніжана да 22 працэнтаў гадавых

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 1 мая будзе зніжана на 2 працэнтныя пункты да 22 працэнтаў гадавых. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.

"Праўленне і камітэт па манетарнай палітыцы Нацыянальнага банка 25 красавіка прынялі шэраг рашэнняў у галіне грашова-крэдытнай палітыкі. З 1 мая зніжаюцца: стаўка рэфінансавання - з 24 працэнтаў да 22 працэнтаў гадавых, стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі бягучай ліквіднасці банкаў - з 30 працэнтаў да 27 працэнтаў гадавых, стаўкі па пастаянна даступных аперацыях выключэння ліквіднасці банкаў - з 16 працэнтаў да 15 працэнтаў гадавых", - адзначылі прадстаўнікі рэгулятара.

Акрамя таго, з 1 чэрвеня змяншаецца гранічны ўзровень працэнтных ставак па новых тэрміновых банкаўскіх укладах юрыдычных асоб у нацыянальнай валюце, у выпадку перавышэння якога прадугледжваецца павелічэнне рэзервовых патрабаванняў, - з 0,9 да 0,8 стаўкі па пастаянна даступных аперацыях Нацбанка ў форме крэдыту авернайт. Таксама зніжаецца гранічны ўзровень працэнтных ставак па крэдытах, прадастаўленых юрыдычным асобам у беларускіх рублях, у выпадку перавышэння якога ўзмацняецца парадак фарміравання банкамі рэзерву на пакрыццё магчымых страт па спецыяльных партфелях аднародных крэдытаў, - з 1,1 да 1 стаўкі па пастаянна даступных аперацыях Нацбанка ў форме крэдыту авернайт.

Як растлумачылі ва ўпраўленні, рашэнні, накіраваныя на зніжэнне велічыні перавышэння намінальнымі працэнтнымі стаўкамі ўзроўню фактычнай і прагназуемай інфляцыі. Нацбанк прыняў "з улікам існуючай фактычнай сітуацыі, ацэнак на бліжэйшую перспектыву і аналізу існуючых рызык у эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы".

У далейшым рэгулятар прадоўжыць рэалізацыю стратэгіі па зніжэнні рызык-прэміі, закладзенай ва ўзроўні працэнтных ставак, з улікам комплекснага аналізу існуючых макраэканамічных рызык і прагнозу развіцця эканомікі Беларусі, адзначылі спецыялісты.

У Нацбанку канстатавалі, што запаволенне тэмпаў росту грашовай масы, фарміраванне чыстага прапанавання валюты на ўнутраным валютным рынку, нармалізацыя сітуацыі на дэпазітным рынку абумоўліваюць змяншэнне інфляцыйнага націску ў краіне.

Спецыялісты звярнулі ўвагу на даныя Белстата, згодна з якімі спажывецкія цэны ў сакавіку бягучага года выраслі на 0,8 працэнта (іх сярэднямесячны прырост за папярэднія тры месяцы склаў 2 працэнты). У адносінах да сакавіка 2015 года спажывецкія цэны павялічыліся на 12,8 працэнта, базавая інфляцыя (інфляцыя за вылікам адміністрацыйна рэгулюемых цэн і цэн на плодаагароднінную прадукцыю) склала 11,8 працэнта.

"У бліжэйшыя месяцы чакаецца далейшае зніжэнне тэмпаў росту цэн", - прагназуюць прадстаўнікі рэгулятара. Пры гэтым, падкрэслілі ў Нацбанку, працэнтныя стаўкі па рублёвых крэдытах і дэпазітах захоўваюцца на высокім дадатным узроўні, у тым ліку ў рэальным выражэнні. У сакавіку гэтага года стаўка па новых рублёвых крэдытах склала 33,4 працэнта гадавых, па тэрміновых дэпазітах - 24,3 працэнта гадавых, што істотна перавышае ўзровень інфляцыі.

У Беларусі апошні раз стаўка рэфінансавання змянялася 1 красавіка. Тады яна была зніжана на 1 працэнтны пункт. Да гэтага ў краіне стаўку рэфінансавання змянялі толькі 9 студзеня 2015 года, калі яна была павялічана на 5 працэнтных пунктаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі