Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 снежня 2016, 12:43

Старшыня ЗЭБ: ёсць цікавыя прапановы па павелічэнні сумеснага экспарту Беларусі і Расіі

8 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Старшыня расійскай дзяржаўнай карпарацыі "Банк развіцця і знешнеэканамічнай дзейнасці" (Знешэканамбанк) Сяргей Гаркоў заяўляе аб наяўнасці цікавых прапаноў па павелічэнні сумеснага экспарту Беларусі і Расіі. Аб гэтым ён заявіў сёння ў Мінску на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нас ужо фактычна дзевяць гадоў супрацоўніцтва. Больш за мільярд долараў агульных інвестыцый. Ёсць буйныя праекты, як атамная станцыя, - сказаў старшыня Знешэканамбанка. - У нас ёсць цікавыя прапановы па павелічэнні сумеснага экспарту Беларусі і Расіі. Мы дамовіліся з урадам падпісаць аб гэтым сёння пагадненне. Ёсць шмат магчымасцей для павелічэння супрацоўніцтва".

Сяргей Гаркоў таксама падзякаваў беларускаму боку за падтрымку ў рабоце банка. "Мы заўсёды знаходзім агульную мову", - адзначыў ён.

Як паведамлялася, урад Беларусі і расійская дзяржаўная карпарацыя "Банк развіцця і знешнеэканамічнай дзейнасці" (Знешэканамбанк) плануюць падпісаць мемарандум аб намерах па стварэнні інтэграцыйнай платформы развіцця. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 5 снежня 2016 года нумар 994, афіцыйна апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакумент будзе заключаны ў мэтах садзейнічання ўстойліваму эканамічнаму развіццю нацыянальных эканомік і ўмацаванню ўзаемнага тавараабароту паміж Беларуссю і Расіяй. Чакаецца, што мемарандум таксама падпішуць акцыянернае таварыства "Расійскі экспартны цэнтр", ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" і ААТ "Белзнешэканамбанк". На падпісанне дакумента з беларускага боку ўпаўнаважаны першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі