Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Сістэма дзяржзакупак з адной крыніцы будзе дакладна рэгламентавана - МАРГ

Эканоміка 15.08.2018 | 19:15

15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая рэдакцыя закона аб дзяржаўных закупках, якая ўступіць у сілу з 1 ліпеня 2019 года, рэгламентуе сістэму закупак з адной крыніцы. Аб гэтым паведаміў у час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА начальнік упраўлення дзяржаўных закупак Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Павел Жукоўскі.

У першую чаргу новая рэдакцыя закона дакладна замацоўвае ўмовы правядзення закупкі. Прадугледжана норма аб тым, што калі арганізацыя праводзіла канкурэнтную закупку, у якой былі абазначаны пэўныя ўмовы пастаўкі, аплаты, прадмет, патрабаванні да ўдзельніка, то пры пераходзе да закупкі з адной крыніцы гэтыя ўмовы нельга будзе змяніць. Напрыклад, калі было напісана, што трэба паставіць тавар на працягу пяці дзён і ў такім выпадку будзе праведзена перадаплата, то паставіць прадукцыю праз месяц або два будзе забаронена, паколькі гэта мяняе ўмовы правядзення працэдуры. "Бывае, што арганізацыі не ўдзельнічаюць у працэдуры, паколькі каб паставіць нейкае сур'ёзнае абсталяванне, трэба яго вырабіць або ўвезці з-за мяжы, што патрабуе часу. А калі многія заказчыкі спачатку ўстанаўліваюць тэрміны пастаўкі ў пяць дзён, а потым, калі працэдура пераходзіць у разрад закупак з адной крыніцы, з'яўляюцца тэрміны ледзь не 180 дзён. Адпаведна, становіцца зразумела, што гэта робіцца пад канкрэтнага пастаўшчыка", - растлумачыў прадстаўнік ведамства.

Павел Жукоўскі адзначыў, што МАРГ падрыхтуе праект пастановы, які ўстановіць парадак і працэдуру маркетынгавых даследаванняў рынку пры правядзенні закупкі з адной крыніцы. Будзе вызначана колькасць пастаўшчыкоў, да якіх трэба звярнуцца, якім чынам рассылаць запрашэнні, як падбіраць пастаўшчыкоў, як складаць даведку, г.зн. выразна прапісана, як праводзіць гэту працэдуру.

"Таксама мы плануем, і новы закон змяшчае адпаведную кампетэнцыю Савета Міністраў, устанавіць парадак правядзення закупак з адной крыніцы малога аб'ёму праз інфармацыйныя рэсурсы, - прадоўжыў Павел Жукоўскі. - Іншымі словамі, гэта будзе электронны магазін, у якім з'явіцца магчымасць ажыццявіць закупку адным клікам". Гэта будзе датычыцца закупак малога аб'ёму - ад 50 да 300 БВ. Паводле яго слоў, такіх закупак суб'ектамі гаспадарання робіцца вельмі шмат. Калі закупкі, напрыклад, канцылярскіх тавараў, будуць перасягаць 50 БВ, то трэба будзе адкрыта закупляць на гэтай пляцоўцы. "Адпаведна, будзе рынак, канкурэнтныя прапановы, на гэтай пляцоўцы будуць прадстаўлены пастаўшчыкі, іх цэны - вось з іх па пэўных крытэрыях і трэба будзе выбіраць. Плюс пляцоўка будзе фарміраваць рэестр, які будзе выгружацца заказчыку. І калі ён купіў тавар намнога даражэйшы за сярэднюю цану - гэта трэба будзе абгрунтаваць. Вядома, канчатковы кошт можа залежаць ад розных умоў - тэрмінаў пастаўкі, перадаплаты і г.д., але трэба будзе растлумачыць, чаму тавар набыты даражэй", - растлумачыў прадстаўнік МАРГ. Такая электронная пляцоўка будзе арганізавана на базе Дзяржаўнай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы (ДІАС).

Акрамя таго, МАРГ мае намер прадоўжыць электранізацыю працэсу закупак. "Пачнём з малых закупак, пасля чаго, магчыма, пяройдзем на астатнія. Пералік выпадкаў, калі можна прымяняць працэдуру закупкі з адной крыніцы, у законе вялікі. Па выніку, магчыма, пяройдзем да скарачэння пераліку", - расказаў ён. Акрамя таго, заказчыкі будуць абавязаны размяшчаць у ДІАС даведку аб закупцы з адной крыніцы, што цяпер не робіцца. "Гэта зробіць працэдуру больш адкрытай. Там будзе відаць, з кім прапрацоўвалася пытанне закупкі, адпаведна, дазволіць і скардзіцца пастаўшчыкам. Дзякуючы галоснасці ў гэтым працэсе і ўлічваючы больш строгія правілы, мы чакаем зніжэння колькасці закупак з адной крыніцы", - рэзюмаваў Павел Жукоўскі.

Паводле даных ведамства, у першым паўгоддзі 2018 года праведзена больш за 230 тыс. працэдур закупак, з іх 53 працэнты - з адной крыніцы. За гэты перыяд заключана больш за 200 тыс. дагавораў суб'ектамі гаспадарання - атрымальнікамі бюджэтных сродкаў на суму Br2 млрд, з іх 65 працэнтаў закупак было ажыццёўлена з адной крыніцы, 35 працэнтаў - у выніку канкурэнтных працэдур.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Эканоміка
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Спецыяльныя віды зімовай тэхнікі У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Беларусі ААТ "МТЗ" для падрыхтоўкі лыжаролерных трас выпусціла доследныя ўзоры ратрака ("Беларус МСУ-108"), снегаўшчыльнікавых машын ("Беларус МСУ-622"), лёдазалівачнай машыны ("Беларус МЛ-428").