Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 красавіка 2018, 16:02

Швецыя зацікаўлена развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы дрэваапрацоўкі, легпрама і ІТ

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Швецыя зацікаўлена развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы дрэваапрацоўкі, лёгкай прамысловасці і ІТ. Аб гэтым заявіла сёння журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан перад пачаткам семінара "Асаблівасці экспарту беларускай прадукцыі ў Швецыю", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нашым кампаніям цікава тое, што ўжо закупляецца сёння. Напрыклад, закупляецца прадукцыя дрэваапрацоўчай прамысловасці, тэкстыльная прадукцыя. Акрамя таго, ёсць інтарэс да ІТ-сектара. Тут Швецыя нядрэнна і сама працуе, але варта паглядзець, якія могуць быць плюсы ў супрацоўніцтве", - адзначыла пасол.

Паводле слоў Крысціны Юханесан, сённяшні семінар неабходны ў першую чаргу для таго, каб склалася больш дзелавых кантактаў паміж Швецыяй і Беларуссю. "Шведскія кампаніі, шведская прамысловасць дрэнна ведаюць той патэнцыял, які ёсць у Беларусі. І беларускім кампаніям трэба было б больш шырока ўдзельнічаць у міжнародных кірмашах і семінарах, таму што толькі такім чынам можна сябе прадставіць. Швецыя - таксама невялікая краіна, але мы свядома працавалі на міжнароднай арэне шмат гадоў", - падкрэсліла яна.

Пасол Швецыі таксама расказала, што плануе ў бліжэйшы час арганізаваць паездкі ў рэгіёны Беларусі. "Мы ўжо наведалі Магілёўскую і Гомельскую вобласці, цяпер вядзём перагаворы з адміністрацыямі яшчэ трох. У такія паездкі кожны раз запрашаем кампаніі, якія прысутнічаюць у краіне", - растлумачыла яна і ўдакладніла, што паездкі ў Магілёўскую і Гомельскую вобласці атрымаліся плённымі для прадстаўнікоў шведскага бізнесу.

Беларуская гандлёва-прамысловая палата сумесна з Нацыянальным саветам па гандлю Швецыі (Камерц-калегіяй) пры падтрымцы пасольства Швецыі ў Беларусі праводзяць семінар "Асаблівасці экспарту беларускай прадукцыі ў Швецыю". У мерапрыемстве прымаюць удзел старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан, эксперты Камерц-калегіі, прадстаўнікі беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый.

На семінары будзе прадстаўлена інфармацыя аб асаблівасцях шведскага рынку, прававых аспектах і патрабаваннях пры экспарце прадукцыі ў Швецыю і краіны Еўрасаюза, аб каналах паставак і чаму аддаюць перавагу спажыўцы. Пройдуць перагаворы прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў з экспертамі Камерц-калегіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі