Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 жніўня 2016, 09:00

Шматпрофільнасць прадукцыі забяспечыць устойлівае развіццё "Кузлітмаша" - Мясніковіч

26 жніўня, Пінск /Аляўціна Чарнаволава - БЕЛТА/. Пашырэнне профілю вытворчасці прадукцыі забяспечыць устойлівае развіццё ААТ "Кузлітмаш". Аб гэтым 25 жніўня ў Пінску заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч у час наведвання прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У цяперашніх умовах чым вышэйшая шматпрофільнасць прадпрыемства, тым яно больш устойліва працуе. Калі арыентавацца на раней закладзеную ідэалогію прамысловай вытворчасці, спрабаваць заставацца ў рамках адной наменклатуры, перспектыў мала. "Кузлітмаш" павінен быць шматпрофільным прадпрыемствам. Тут шмат станочнага абсталявання, кваліфікаваных кадраў, ёсць магчымасць выпускаць розную прадукцыю для машынабудавання, металаапрацоўкі, якая будзе запатрабавана на ўнутраным рынку Беларусі і Еўрапейскай эканамічнай прасторы", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Паводле яго слоў, для павышэння эканамічнай эфектыўнасці і заваявання ўстойлівых пазіцый на рынку збыту прадпрыемству неабходна аптымізаваць расходы, вытворчыя магутнасці, колькасць кіраўніцкага персаналу. Міхаіл Мясніковіч падтрымаў імкненне "Кузлітмаша" стварыць сумесную вытворчасць з ААТ "СП Донпрэсмаш" з Растоўскай вобласці. "Прадпрыемства становіцца больш жывучым, калі яно з'яўляецца транснацыянальнай карпарацыяй. Гэта забяспечвае яму доступ на рынкі, да тэхналогій, інфармацыі - з канкурэнтаў гэтыя кампаніі ператвараюцца ў партнёраў", - рэзюмаваў ён.

Дзякуючы кааперацыі з расійскімі партнёрамі пінскі завод плануе выйсці на 100 працэнтаў загрузкі магутнасцей, што павялічыць яго прыбытковасць. "Наша прадпрыемства вернецца на пяцідзённы рэжым работы. Гэта сведчыць аб тым, што вытворчасць выходзіць са складанай эканамічнай сітуацыі на стабільную работу", - падкрэсліў дырэктар "Кузлітмаша" Васіль Чакулаеў.

Таксама 25 жніўня старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу наведаў адкрытае акцыянернае таварыства "Прамыслова-гандлёвае аб'яднанне "Палессе", дзе ішла размова аб паляпшэнні фінансавай дзейнасці прадпрыемства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі