Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 чэрвеня 2018, 18:35

Савет Рэспублікі прыняў да ведама дэкрэт аб лічбавай эканоміцы

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Рэспублікі сёння на пасяджэнні прыняў да ведама дэкрэт ад 21 снежня 2017 года нумар 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дакумент сенатарам прадставіў першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі. Дэкрэт прыняты ў мэтах паляпшэння прававых асноў дзейнасці Парка высокіх тэхналогій і прадугледжвае меры спецыяльнай падтрымкі рэзідэнтаў ПВТ, якія працуюць у сферы высокіх і новых тэхналогій. Тэрмін дзеяння спецыяльнага прававога рэжыму ПВТ пралангуецца да 1 студзеня 2049 года, што забяспечыць прывабнасць доўгатэрміновых інвестыцый рэзідэнтаў парка, у тым ліку ў сферу адукацыі. Дэкрэт стварае ўнікальныя ўмовы для развіцця ІТ-галіны, прадастаўляючы сур'ёзныя канкурэнтныя перавагі для фарміравання паўнацэннай лічбавай эканомікі.

Васіль Мацюшэўскі адзначыў, што лічбавы дэкрэт неабходна разглядаць у непарыўнай сувязі з наступным, значна больш маштабным крокам, які быў дакладна абазначаны ў Пасланні кіраўніка дзяржавы, - ператварыць Беларусь у адно з самых прывабных месцаў у свеце для багатых, таленавітых і паспяховых людзей. "І калі лічбавы дэкрэт справядліва назвалі рэвалюцыйным, то будучае рашэнне аб ператварэнні Беларусі ў спрыяльнае месца для капіталу, у цывілізаваную, зручную і свабодную фінансавую гавань наогул павінна стаць гістарычным. І ў выпадку іх прыняцця і лічбавы дэкрэт запрацуе на поўную сілу", - перакананы першы віцэ-прэм'ер. Васіль Мацюшэўскі падкрэсліў, што лічбавы дэкрэт - не асобны прававы акт, прысвечаны ІТ-галіне. Гэта адзін з першых важных, але не адзіных крокаў па выбудоўванні Беларусі ў новую мадэль глабальнага свету.

Першы намеснік прэм'ер-міністра звярнуў увагу на рэкордны рост аб'ёму вытворчасці і рэалізацыі ПВТ за I квартал 2018 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года - ужо больш як на 30 працэнтаў. Аб'ём рэалізацыі высокатэхналагічнай прадукцыі і паслуг парка на ўнутраным рынку падвоіўся. "Але самае дзіўнае - гэта беспрэцэдэнтны бурны рост колькасці рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій. Усяго за пяць месяцаў у ім зарэгістравалася больш за 100 новых кампаній", - сказаў Васіль Мацюшэўскі. Ён звярнуў увагу, што ў дэкрэт паверылі маладыя каманды, стартаперы. Новыя рэзідэнты парка - гэта кампаніі, якія працуюць у сферах штучнага інтэлекту, машыннага навучання, робататэхнікі, аналізу вялікіх даных.

Ён адзначыў дзейнасць дырэктара Парка высокіх тэхналогій Усевалада Янчэўскага, які ажывіў дзейнасць парка, стварыў простую і празрыстую сістэму прыёму кампаній, прыцягнуў многіх новых інвестараў з-за мяжы. "Калі цяперашнія тэмпы захаваюцца, то ў гэтым годзе ў Парк высокіх тэхналогій прыйдзе больш кампаній, чым за папярэднія 12 гадоў яго існавання", - перакананы Васіль Мацюшэўскі, дадаўшы, што першыя пяць месяцаў дзеяння дэкрэта з'яўляюцца лепшым практычным аргументам на яго карысць.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі