Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
01 жніўня 2018, 16:29

Савет па развіцці прадпрымальніцтва падрыхтаваў прапановы па ўдасканаленні падтрымкі МСП

1 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет па развіцці прадпрымальніцтва падрыхтаваў і накіраваў Мінэканомікі прапановы па ўдасканаленні сістэмы падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт савета.

Адна з прапаноў датычыцца змянення крытэрыяў аднясення суб'ектаў гаспадарання да МСП. У сусветнай практыцы для аднясення суб'ектаў гаспадарання да катэгорыі МСП выкарыстоўваюцца, як правіла, два крытэрыі: колькасць занятых і аб'ём гадавога абароту. Пры гэтым канкрэтныя значэнні крытэрыяў вызначаюцца магчымасцямі эканомікі краіны, інакш кажучы якая доля бюджэтных рэсурсаў можа быць накіравана на рэалізацыю тых ці іншых форм і праграм падтрымкі суб'ектаў гэтага сектара.

Так, у ЗША кампанія, якая працуе ў сферы прамысловай вытворчасці, лічыцца малой, калі ў ёй занята менш за 500 супрацоўнікаў, а ў сферы аптовага гандлю - не больш за 100 чалавек. У ЕС да катэгорыі мікрапрадпрыемстваў аднесены прадпрыемствы з колькасцю занятых да 10 чалавек і аб'ёмам гадавога абароту да 2 млн еўра. Малыя прадпрыемствы маюць ад 10 да 49 чалавек занятых і мяжу аб'ёму абароту і балансу ў памеры 10 млн еўра.

"Такім чынам, каб сфарміраваць узровень крытэрыяў аднясення суб'ектаў гаспадарання да МСП у Беларусі, трэба перш за ўсё вызначыць, якія сродкі дзяржава можа накіраваць на мэты падтрымкі гэтага сектара або якія аб'ёмы бюджэтных паступленняў у выглядзе падаткаў, арэнднай платы і г.д. гатова недаатрымаць, прадастаўляючы пэўныя прэферэнцыі суб'ектам гэтага сектара", - лічаць у савеце.

Ініцыятывы датычацца таксама рэфармавання інфраструктуры падтрымкі МСП. На думку савета, для далейшага развіцця інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва трэба ўдасканальваць фінансавае забеспячэнне (фінансавая падтрымка са сродкаў дзяржпраграм, забеспячэнне дзяржзаказамі), удасканальваць прававыя ўмовы, зніжаць стаўкі арэнднай платы і інш.

Савет ініцыіруе стварэнне сістэмы маніторынгу сектара МСП. Яна дапаможа ацэньваць умовы развіцця суб'ектаў, выяўляць неспрыяльныя тэндэнцыі для развіцця і падтрымкі малога прадпрымальніцтва, прагназаваць развіццё бізнесу. Аптымальны варыянт арганізацыі маніторынгу МСП - стварэнне спецыялізаванай электроннай базы даных, лічаць у савеце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі