Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 лістапада 2017, 12:59

Савет па развіцці прадпрымальніцтва лічыць неабходным унесці змяненні ва ўказ нумар 488

8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет па развіцці прадпрымальніцтва лічыць неабходным унесці змяненні ва ўказ ад 23 лістапада 2012 года нумар 488 "Аб некаторых мерах па папярэджанні незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў". Гэта вынікае з запіскі з аналізам практыкі прымянення дакумента, накіраванай у Адміністрацыю Прэзідэнта, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт савета.

На думку членаў савета, змяненні неабходны ў мэтах забеспячэння абароны добрасумленных суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, абмежавання тэрміну рэтраспектыўнага прымянення яго норм, а таксама забеспячэння рэалізацыі прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці суб'ектаў пры ажыццяўленні праверак іх дзейнасці ўсімі без выключэння кантралюючымі органамі.

"Вынікі аналізу сведчаць, што правапрымяняльная практыка ўказа нумар 488 перашкаджае нармальнаму ажыццяўленню дзейнасці і стварае атмасферу прэзумпцыі вінаватасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), якія праводзяць або правялі раней здзелкі з удзелам контрагентаў, у далейшым прызнаных кантралюючымі органамі лжепрадпрымальніцкімі структурамі", - гаворыцца ў запісцы.

Там адзначаецца, што цяпер у добрасумленных контрагентаў няма дастатковых механізмаў, каб сябе засцерагчы ад небяспекі. З мэтай мінімізавання рызыкі юрыдычныя кампаніі рэкамендуюць суб'ектам не толькі адсочваць даныя рэестра камерцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў з павышанай рызыкай учынення правапарушэнняў у эканамічнай сферы, але таксама выканаць шэраг неўласцівых, адцягваючых ад асноўнай дзейнасці функцый, у тым ліку вывучыць усю магчымую інфармацыю аб будучым контрагенце ў інтэрнэце і водгукі аб ім; праверыць паўнамоцтвы прадстаўнікоў кампаніі - ці маюць яны права прадстаўляць інтарэсы і падпісваць дакументы; наведаць офіс партнёра, каб устанавіць, ці па сваім месцазнаходжанні ён размешчаны, ці правільныя кантактныя тэлефоны і іншыя. Гэтыя дзеянні ствараюць дадатковую нагрузку на суб'екты гаспадарання, але пры гэтым не забяспечваюць гарантый іх абароны ад прымянення санкцый. Нават калі пры заключэнні кантракта з кампаніяй або прадпрымальнікам у рэестры такі суб'ект адсутнічае - няма гарантый, што гэты контрагент у будучым там не апынецца.

Акрамя таго, у выпадку выяўлення лжэпрадпрымальніцкай структуры Дэпартаментам фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржаўнага кантролю выносяцца прадпісанні ўсім суб'ектам, якія калі-небудзь праводзілі з ёй здзелкі. Пасля атрымання прадпісання юрыдычная асоба або ІП абавязаны самастойна вылічыць і выплаціць у поўным аб'ёме падаткі (зборы, пошліны), прадставіць у ІМПЗ удакладненую дэкларацыю і на працягу 20 рабочых дзён з даты атрымання такога прадпісання праінфармаваць орган фінансавых расследаванняў аб прынятых мерах па выкананні прадпісання з прыкладаннем пацвярджаючых дакументаў. "Такім чынам, у суб'екта гаспадарання з'яўляецца прамы абавязак добраахвотна прызнаць сябе правапарушальнікам "без суда і следства", - адзначаюць аўтары запіскі.

Калі ж суб'ект вырашыў абскардзіць прадпісанне, то орган фінансавых расследаванняў мае права назначыць і правесці праверку юрыдычнай асобы або ІП альбо ўсе дакументы адправіць у ІМПЗ па месцы пастаноўкі на ўлік для правядзення праверкі, што часцей за ўсё і адбываецца на практыцы. Гэта не толькі ставіць пад пагрозу дзелавую рэпутацыю суб'екта гаспадарання, але і ў большасці выпадкаў заканчваецца яшчэ больш значнымі сумамі плацяжоў.

Таксама ў запісцы тлумачыцца, што большасць з уключаных у рэестр суб'ектаў можна прызнаць ілжэструктурамі з высокай доляй умоўнасці. Паводле даных СМІ, па стане на красавік 2016 года рэестр змяшчаў 6,6 тыс. суб'ектаў гаспадарання, а на красавік 2017 года - ужо 7,6 тыс. Пры гэтым 5,4 тыс. суб'ектаў былі ўнесены ў яго выключна на падставе "неразмяшчэння па сваім юрыдычным адрасе" і толькі 257 суб'ектаў былі прызнаны лжэпрадпрымальніцкімі на падставе прыгавору суда. "Такім чынам, пагроза выяўлення адносін з ілжэструктурай распаўсюджваецца на ўсё большую сукупнасць дзеючых суб'ектаў гаспадарання. Паколькі неабходнасць правяраць размяшчэнне партнёра па юрыдычным адрасе з'явілася толькі з 1 студзеня 2013 года, а рэтраспектыўнае прымяненне ўказа нумар 488 не абмежавана ніякім тэрмінам, то пад сумненне ставяцца здзелкі 2010-2011 гадоў і практычна ні адна з дзеючых юрыдычных асоб або ІП не могуць быць гарантаваны ад атрымання прадпісанняў ДФР", - гаворыцца ў запісцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі