Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 чэрвеня 2018, 10:05

Савет кіраўнікоў адміністрацый беларускіх СЭЗ будзе дапамагаць комплексна ўдасканальваць інвестыцыйны клімат

22 чэрвеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Савет кіраўнікоў адміністрацый СЭЗ стане эфектыўнай пляцоўкай для комплекснага вырашэння пытанняў удасканалення інвестыцыйнага заканадаўства Беларусі. Такое меркаванне выказаў намеснік міністра эканомікі Павел Уцюпін 21 чэрвеня на ўстаноўчай нарадзе савета ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Беларусі вядзецца шырокамаштабная работа па паляпшэнні ўмоў вядзення эканамічнай дзейнасці, удасканаленні інвестыцыйнага заканадаўства. "Прапановы, якія ў далейшым рэалізуюцца ў нарматыўных актах, нараджаюцца ў ходзе дыялогу ўлады і бізнесу на аснове практычнага вопыту. Таму заснаваны сёння Савет кіраўнікоў адміністрацый СЭЗ стане яшчэ адной пляцоўкай абмену меркаваннямі і выпрацоўкі прапаноў па паляпшэнні ўмоў работы бізнесу, інвестыцыйнай прывабнасці краіны", - падтрымаў ініцыятыву Павел Уцюпін і згадзіўся прымаць актыўны ўдзел у яго рабоце.

Паводле слоў кіраўніка адміністрацыі СЭЗ "Віцебск" Міхаіла Скурата, які ініцыіраваў стварэнне савета, такая форма ўзаемадзеяння дапаможа кіраўнікам СЭЗ выпрацоўваць кансалідаваную пазіцыю па розных пытаннях дзейнасці тэрыторый са спецыяльным прававым рэжымам, уносіць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства і сумесна вырашаць праблемы на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях. У яго склад прадугледжваецца ўключыць таксама прадстаўнікоў індустрыяльнага парка "Вялікі камень", Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі. Плануецца да канца лета распрацаваць палажэнне аб савеце і іншыя дакументы, што рэгламентуюць яго работу. Пасяджэнні савета будуць праводзіцца не радзей як адзін раз у год у розных рэгіёнах Беларусі.

Па выніках устаноўчай нарады кіраўнікі адміністрацый СЭЗ падрыхтавалі пакет прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства аб СЭЗ у розных сферах. У прыватнасці, прапануецца распаўсюдзіць прэферэнцыйны рэжым СЭЗ на транспартна-лагістычную дзейнасць і інвестыцыйныя праекты, што рэалізуюцца ў сферы лагістыкі, у прыватнасці на лагістычныя паслугі, якія рэалізуюцца за межамі тэрыторыі СЭЗ, што дасць магчымасць павысіць інвестыцыйную прывабнасць СЭЗ для буйных замежных лагістычных фірм. Як адзначыў Павел Уцюпін, па ўсіх прапановах Міністэрства эканомікі арганізуе абмеркаванне з профільнымі ведамствамі для далейшага прыняцця рашэнняў.

У Беларусі функцыянуюць шэсць свабодных эканамічных зон (па адной у кожным абласным цэнтры, уключаючы Мінск). Дзейнасць у якасці рэзідэнтаў СЭЗ ажыццяўляюць больш як 400 прадпрыемстваў.

СЭЗ "Віцебск" утворана ў 1999 годзе, займае тэрыторыю звыш 2,4 тыс. га і складаецца з 13 сектараў, у тым ліку 7 - у Віцебску, 4 - у Аршанскім, а таксама па адным - у Віцебскім і Пастаўскім раёнах. Рэзідэнтамі СЭЗ зарэгістраваны 39 прадпрыемстваў з удзелам інвестараў з 12 краін у такіх сферах, як машынабудаванне, электроніка, ветэрынарная, хімічная, паліўная, харчовая, лёгкая прамысловасці і іншыя. Агульная колькасць працуючых па прадпрыемствах-рэзідэнтах складае амаль 11 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі