Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 жніўня 2016, 11:53

Саўмін зацвердзіў канцэпцыю стварэння вытворчасцей альтэрнатыўнага паліва з ЦКА

24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэпцыя стварэння магутнасцей па вытворчасці альтэрнатыўнага паліва з цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) і яго выкарыстання зацверджана пастановай Савета Міністраў нумар 664 ад 22 жніўня 2016 года. Такая інфармацыя размешчана на сайце ўрада, паведамляе БЕЛТА.

Канцэпцыя мае сацыяльна-экалагічны характар і накіравана на пашырэнне сфер прымянення цвёрдых камунальных адходаў і іх перапрацоўкі ў RDF-паліва з далейшым выкарыстаннем на цэментных заводах для зніжэння сабекошту вытворчасці цэменту і ў камунальнай цеплаэнергетыцы ў якасці аднаўляльнай крыніцы энергіі.

Прадугледжваецца замяшчэнне ў тэхналагічным ланцужку абпалу клінкеру імпартуемых відаў паліва (каменнага вугалю і прыроднага газу) RDF-палівам у аб'ёме да 330 тыс. т. Для атрымання такой колькасці RDF-паліва неабходна перапрацоўваць каля 1,1 млн т ЦКА, або 26 працэнтаў ад аб'ёму іх утварэння ў краіне.

Для ўкаранення тэхналогій вытворчасці RDF-паліва і яго выкарыстання ў цэментнай прамысловасці неабходна стварыць і дааснасціць дзеючыя вытворчасці па сартаванні цвёрдых камунальных адходаў з атрыманнем сыравіны для RDF-паліва, стварыць магутнасці па вытворчасці такога паліва, правесці мадэрнізацыю сістэм яго падачы на цэментных заводах. Канцэпцыяй прадугледжваецца выкананне гэтай работы ў два этапы.

Першы этап (2016-2017 гады) прадугледжвае стварэнне двух аб'ектаў па вытворчасці RDF-паліва ў Крычаве (для ААТ "Крычаўцэментнашыфер" і ААТ "Беларускі цэментны завод") і ў пасёлку Краснасельск (для ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" ); мадэрнізацыю сістэмы падачы паліва ў дэкарбанізатары печаў абпалу клінкеру на цэментных заводах; арганізацыю вытворчасці сыравіны для RDF-паліва на існуючых смеццеперапрацоўчых заводах у Брэсце, Магілёве, Гомелі, Баранавічах, а таксама на будуемым за кошт сродкаў Сусветнага банка смеццесартавальным заводзе ў Гродне. Інвестыцыйныя затраты на рэалізацыю першага этапу складуць каля 16,5 млн еўра.

На другім этапе (2017-2020) прадугледжваецца нарошчванне магутнасцей па вытворчасці сыравіны для RDF-паліва: будаўніцтва міжрэгіянальных смеццесартавальных заводаў у Бабруйску, Ваўкавыску, Жлобіне, Крычаве, Лідзе; будаўніцтва смеццеперапрацоўчых заводаў у Віцебску і Оршы; рэканструкцыя смеццеперапрацоўчага завода ў Гомелі. Інвестыцыі ацэньваюцца ў аб'ёме да 118 млн еўра (у якасці крыніцы фінансавання разглядаюцца пазыковыя сродкі міжнародных крэдытна-фінансавых арганізацый, у тым ліку Сусветнага банка). Прадстаўніцтвам СБ у Беларусі адобрана падрыхтоўка перспектыўных праектаў па перапрацоўцы ЦКА з атрыманнем RDF-паліва.

Гадавы эканамічны эфект для цэментных заводаў ад замяшчэння імпартуемага паліва складзе больш як 7 млн еўра, якія будуць накіраваны на зніжэнне сабекошту і павышэнне канкурэнтаздольнасці айчыннага цэменту.

Станоўчы эфект ад рэалізацыі канцэпцыі заключаецца ў павелічэнні аб'ёмаў перапрацоўкі адходаў, мінімізацыі іх негатыўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і здароўе грамадзян, рацыянальным выкарыстанні тэрыторый. Прадугледжваецца, што ў 2020 годзе пры ўмове рэалізацыі гэтай канцэпцыі ў поўным аб'ёме сукупны ўзровень выкарыстання адходаў складзе каля 27 працэнтаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі