Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 мая 2019, 11:43

Саўмін адобрыў праекты дакументаў аб пазыках МБРР і ЕІБ для інвестпраекта на 156 млн еўра па камунальных паслугах

16 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Міністраў адобрыў у якасці асновы для правядзення перагавораў праекты пагаднення аб пазыцы паміж Рэспублікай Беларусь і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця і дагавора аб фінансаванні паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Гэта прадугледжана пастановай урада нумар 292 ад 13 мая 2019 года, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Праекты адобраны ў мэтах прыцягнення ў 2019-2025 гадах пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця ў памеры 90 млн еўра тэрмінам на 15 гадоў і пазыкі Еўрапейскага інвестыцыйнага банка ў памеры 66 млн еўра тэрмінам на 31 год для фінансавання інвестыцыйнага праекта "Павышэнне эфектыўнасці і якасці камунальных паслуг".

Савет Міністраў упаўнаважыў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі на правядзенне перагавораў па праектах пагаднення і дагавора, дазволіўшы пры неабходнасці ўносіць у іх змяненні, якія не маюць прынцыповага характару, а таксама на падпісанне гэтых дакументаў пры дасягненні дамоўленасці ў межах адобраных праектаў.

Пастанова ўступае ў сілу з дня яе падпісання.

Як паведамлялася, крэдытныя пагадненні па праекце "Павышэнне эфектыўнасці і якасці камунальных паслуг" на 156 млн еўра плануецца падпісаць у бягучым годзе. Праект прадугледжвае мадэрнізацыю 25 аб'ектаў водазабеспячэння і водаадвядзення, будаўніцтва трох рэгіянальных палігонаў абыходжання з камунальнымі адходамі, а таксама падтрымку працэсу рэформ у гэтай сферы, накіраваных на істотны рост аб'ёмаў збору, перапрацоўкі і ўключэння ў новы гаспадарчы абарот усіх відаў адходаў і другасных матэрыяльных рэсурсаў. Уключаныя ў праект аб'екты размешчаны ва ўсіх абласцях Беларусі і з'яўляюцца сацыяльна значнымі для канкрэтных раёнаў і населеных пунктаў. Чакаецца таксама, што рэалізацыя праекта дасць магчымасць павялічыць колькасць грамадзян, забяспечаных цэнтралізаваным водазабеспячэннем палепшанай якасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі