Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 ліпеня 2016, 15:43

Самая сучасная ў СНД лабараторыя па ацэнцы энергаэфектыўнасці бытавой тэхнікі створана ў Беларусі

27 ліпеня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Самая сучасная ў СНД лабараторыя па ацэнцы энергаэфектыўнасці бытавой тэхнікі створана ў Беларусі па праекце ЕС. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Віктар Назаранка адзначыў, што Беларусь толькі выпрабавальнага абсталявання атрымала на суму амаль 4 млн еўра. Агульная сума, выдзеленая на кампаненты, склала 9 млн еўра. "Вельмі сур'ёзнае абсталяванне атрымана краінай, створана самая сучасная лабараторыя на тэрыторыі СНД у галіне энергаэфектыўнасці", - сказаў старшыня Дзяржстандарту.

Лабараторыя, створаная на базе БелДІСС, атрымалася комплекснай, прадоўжыў ён. Тут можна ацаніць большасць відаў электратэхнічнай прадукцыі спажывецкага прызначэння: халадзільнікі, тэлевізары, электрарухавікі, кандыцыянеры і гэтак далей.

За час рэалізацыі праекта створана 16 доследных лабараторый, якія адпавядаюць самаму высокаму тэхнічнаму еўрапейскаму ўзроўню. Акрамя таго, праведзены семінары для арганізацый па абароне правоў спажыўцоў па энергаэфектыўных спажывецкіх таварах. Больш як 500 чалавек прайшлі навучанне ў вядучых інстытутах і лабараторыях краін ЕС.

Немалаважна на думку Віктара Назаранкі і тое, што беларускія і еўрапейскія спецыялісты сумесна распрацавалі цэлы пласт гарманізаваных з заканадаўствам ЕС стандартаў. Іх укараненне дасць магчымасць павысіць экспартны патэнцыял беларускай прадукцыі, абараніць унутраны рынак ад тавараў, клас энергаэфектыўнасці якіх ніжэйшы за заяўлены.

У сваю чаргу кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын адзначыла, што рэалізацыя ў Беларусі праекта ЕС па энергаэфектыўнасці можа быць прыкладам эфектыўнага супрацоўніцтва. Яна адзначыла, што дасягнутыя вынікі дапамогуць далейшаму ўзаемадзеянню ў розных напрамках, напрыклад, у сферы аховы навакольнага асяроддзя.

Праект ЕС "Падтрымка Рэспублікі Беларусь у галіне норм і стандартаў у сферы энергаэфектыўнасці спажывецкіх тавараў і прамысловай прадукцыі" быў рэалізаваны з 2013 па 2016 год. Ён пасадзейнічаў павышэнню канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, паляпшэнню яе энергетычнай эфектыўнасці. На канферэнцыі ў Мінску былі прадстаўлены асноўныя вынікі праекта, вызначаны падагульняючыя рэкамендацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі