Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 кастрычніка 2018, 09:00

Русы: падпісанне балансаў з Расіяй аб пастаўках прадукцыі АПК на 2019 год чакаецца 12 кастрычніка

11 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Падпісанне балансаў паставак асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі на 2019 год паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Міністэрствам сельскай гаспадаркі Расіі чакаецца 12 кастрычніка на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Магілёве. Аб гэтым паведаміў віцэ-прэм'ер Беларусі Міхаіл Русы 10 кастрычніка ў Маскве на сустрэчы са сваім расійскім калегам Аляксеем Гардзеевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Балансы цалкам узгоднены, яны парафіраваны на ўзроўні намеснікаў міністраў", - сказаў Міхаіл Русы. Паводле яго слоў, цырымонію падпісання дакумента плануецца правесці ў прысутнасці старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіла Мясніковіча і спікера Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціны Мацвіенка, а таксама кіраўнікоў шэрага расійскіх рэгіёнаў. "Каб потым мы змаглі далажыць кіраўнікам дзяржаў", - дадаў віцэ-прэм'ер.

Сустрэча віцэ-прэм'ераў дзвюх краін адбылася на 20-й расійскай аграпрамысловай выстаўцы "Залатая восень", якая адкрылася 10 кастрычніка на ВДНГ. У яе экспазіцыі прадстаўлены таксама беларускія прадпрыемствы АПК.

Міхаіл Русы выказаў удзячнасць Аляксею Гардзееву за запрашэнне наведаць выстаўку. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на ўдзел расійскіх рэгіёнаў у "Залатой восені", і гэты вопыт будзе выкарыстаны ў наступным годзе пры правядзенні выстаўкі "Белагра".

Віцэ-прэм'ер Беларусі паведаміў, што на маскоўскай выстаўцы беларуская дэлегацыя правяла сустрэчы з некаторымі расійскімі губернатарамі. "Прадоўжым размову з імі на Форуме рэгіёнаў у Магілёве. Мы знайшлі шмат сумесных праектаў, якія можна рэалізаваць ад Сахаліна да Смаленска", - адзначыў Міхаіл Русы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі