Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 сакавіка 2018, 10:40

Руды: 2018 год павінен стаць прарыўным у пастаўках беларускай харчовай прадукцыі на рынак Кітая

7 сакавіка, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Бягучы год павінен стаць прарыўным у пастаўках беларускай харчовай прадукцыі на кітайскі рынак. Аб гэтым заявіў 6 сакавіка журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды пасля прэзентацыі сваёй кнігі "Потому что так решили мы: поведенческая экономика Беларуси и ее раскодирование", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Фальстарту пакуль няма, але мы блізкія да таго, каб "сарвацца" па харчовай прадукцыі, каб яна пайшла на кітайскі рынак. Падпісаны кантракты, цяпер трэба вельмі дакладна іх выканаць. Гэта вялікая адказнасць", - сказаў Кірыл Руды.

Ён нагадаў, што ў канцы года былі падпісаны кантракты на пастаўку ў Кітай беларускай малочнай і мясной прадукцыі на $114 млн. "У 2017 годзе былі пастаўкі на $15 млн, у 2016-м - на $5 млн. Калі мы рэалізуем прадукцыі на $114 млн, гэта будзе прарыў", - упэўнены пасол.

Таксама Кірыл Руды расказаў, што пачаліся пастаўкі ў Кітай прадукцыі дрэваапрацоўчай прамысловасці, вырабленай вядомымі брэндамі ў Беларусі. "Гэта добры прыклад для нашага "Беллеспаперапрама" нарошчваць пастаўкі на гэты рынак", - лічыць ён.

Акрамя таго, паводле слоў Кірыла Рудога, актыўна вядзецца работа па пошуку інвестараў у Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень".

6 сакавіка ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі Кірыла Рудога "Потому что так решили мы: поведенческая экономика Беларуси и ее раскодирование". Кніга з'яўляецца працягам калектыўнай манаграфіі "Финансовая диета: реформы государственных финансов Беларуси", якая была апублікавана ў 2016 годзе.

Кніга выдадзена РВУ "Выдавецкі дом "Звязда" пры фінансавай падтрымцы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Беларусі ў партнёрстве з пасольствам Вялікабрытаніі ў Беларусі і Беларускім народным банкам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі