Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 лістапада 2017, 19:11

Рэнтабельнасць продажаў ААТ "Камволь" у студзені-верасні склала 5,4 працэнта

20 лістапада, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Рэнтабельнасць продажаў ААТ "Камволь" у студзені-верасні склала 5,4 працэнта. Аб гэтым паведаміў сёння намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на мастацка-тэхнічным савеце, на якім быў прадстаўлены новы асартымент камвольных тканін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Калі ў мінулым годзе прадпрыемства вырабіла крыху больш за 1 млн пагонных метраў тканіны, то ў гэтым годзе выйдзе на 2,25 млн пагонных метраў. Гэта значыць больш як у два разы павялічыць аб'ёмы. Упершыню за многія гады па выніках верасня "Камволь" выйшаў на дадатную рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі - 6,07 працэнта, рэнтабельнасць продажаў склала 5,36 працэнта. Цяпер мы павялічваем аб'ёмы і напрацоўваем новыя артыкулы. Думаю, па выніках 10 месяцаў рэнтабельнасць будзе вышэйшай", - адзначыў Уладзімір Сямашка.

Ён нагадаў, што яшчэ некалькі гадоў таму прадпрыемства было ў дрэнным стане. Адрадзіць камвольную вытворчасць было вырашана ў 2012 годзе. Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, у мадэрнізацыю ўкладзена больш за $110 млн. "Цяпер гэта новае прадпрыемства. Мы поўнасцю перааснасцілі яго самым сучасным абсталяваннем. У Турцыі ёсць некалькі падобных прадпрыемстваў, у Індыі, Японіі. А ў ЕС і на постсавецкай прасторы такіх прадпрыемстваў няма", - канстатаваў віцэ-прэм'ер.

Цяпер на "Камволі" працуюць турэцкія спецыялісты кампаніі Zen Led. "Заключаючы з імі дагавор, мы ставілі сабе некалькі мэт. З аднаго боку, мы хацелі хутка напрацаваць артыкулы, з іншага - каб яны паказалі максімальную магчымасць абсталявання і параілі, што яшчэ трэба дакупіць. Але самае галоўнае, мы хочам, каб нас правялі на рынкі ЕС, Паўднёва-Усходняй Азіі", - растлумачыў Уладзімір Сямашка.

Паводле яго слоў, цяпер перад "Камволем" стаіць задача асвоіць выпуск тканін усіх цэнавых сегментаў. "Абсталяванне і тэхналогіі дазваляюць гэта зрабіць", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

У рамках правядзення мастацкага савета адбылася дэманстрацыя калекцый адзення з новых распрацовак ААТ "Камволь". Паказ уключаў некалькі блокаў: адзенне дзелавога стылю для навучэнцаў (хлопчыкі і дзяўчынкі), адзенне мужчынскае і жаночае ў стылі casual і аўтарская калекцыя дызайнера Людмілы Лабковай.

Мэта паказу - дэманстрацыя новых вытворчых магчымасцей "Камволя", пашырэнне яго прадукцыі, наладжванне прамых сувязей паміж вытворцамі, пастаўшчыкамі і спажыўцамі.-0-

Фота Максіма Гучака

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі