7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рассельгаснагляд з 7 снежня адмяняе ўведзеныя раней часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расію малочнай прадукцыі двух беларускіх прадпрыемстваў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт ведамства.
Абмежаванні зняты з паставак масла, сыру, тварагу і тварожнай прадукцыі, сухой малочнай сыроваткі вытворчасці Браслаўскага філіяла УПП "Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат", а таксама сыру з ААТ "Маладзечанскі малочны камбінат".
Акрамя таго, Рассельгаснагляд пашырае пералік прадукцыі, якую дазволена ўвозіць у Расію з ААТ "Мілкавіта". З 7 снежня магчымы пастаўкі натуральнамалочнай прадукцыі гэтай кампаніі. Такое рашэнне ведамства прыняло па выніках двухбаковых кансультацый 16 і 30 кастрычніка, а таксама з улікам прадстаўленай інфармацыі і гарантый Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.
Прадукцыя, якая пастаўляецца ў Расію, павінна быць выпрацавана не раней за 7 снежня, а таксама суправаджацца электронным ветэрынарным сертыфікатам.-0-