Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 студзеня 2018, 13:56

Расія ў 2017 годзе заставалася асноўным гандлёвым і інвестыцыйным партнёрам Беларусі

4 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Расія ў 2017 годзе заставалася асноўным гандлёвым і інвестыцыйным партнёрам Беларусі. Гэта адзначаецца ў Аглядзе вынікаў знешняй палітыкі Беларусі і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2017 годзе, паведамляе БЕЛТА.

"2017 год - год 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй - быў адзначаны інтэнсіўнымі кантактамі на вышэйшым і высокім узроўнях, зладжаным міжпарламенцкім і міжурадавым супрацоўніцтвам. Адносіны захоўвалі ўсёабдымны характар, - гаворыцца ў дакуменце. - Расія заставалася асноўным гандлёвым і інвестыцыйным партнёрам Беларусі. На яе долю прыпадае больш за палову ўсяго аб'ёму беларускага знешняга гандлю. Беларусь, у сваю чаргу, уваходзіць у пяцёрку асноўных гандлёвых партнёраў Расіі".

Бакі прадоўжылі выпрацоўку сумесных мер па далейшым зняцці перашкод ва ўзаемным гандлі, лібералізацыі ўмоў эканамічнай дзейнасці суб'ектаў гаспадарання. Гэтыя падыходы знайшлі адлюстраванне ў Прыярытэтных напрамках і першачарговых задачах далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018-2022 гады.

Знешнепалітычныя ведамствы Беларусі і Расіі традыцыйна цесна каардынавалі свае дзеянні, што садзейнічала ўмацаванню пазіцый дзвюх краін на міжнароднай арэне. Асноўныя напрамкі гэтага партнёрства замацаваны ў чарговай Праграме ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў - удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2018-2019 гады. У адпаведнасці з рэалізаванай аналагічнай праграмай на 2016-2017 гады праведзена больш за 20 кансультацый па розных напрамках узаемадзеяння.

Актыўна развівалася міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. На працягу года Беларусь наведалі больш за 80 дэлегацый расійскіх рэгіёнаў, у тым ліку 11 - на чале з губернатарамі. 29-30 чэрвеня ў Маскве з удзелам прэзідэнтаў Беларусі і Расіі праведзены маштабны IV Форум рэгіёнаў, прысвечаны пашырэнню супрацоўніцтва ў сферы высокіх тэхналогій і інавацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі