Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 сакавіка 2018, 14:03

Рапота заяўляе аб неабходнасці хутчэйшага зацвярджэння балансаў паставак сельгаспрадукцыі паміж Беларуссю і Расіяй

12 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота заяўляе аб неабходнасці хутчэйшага зацвярджэння балансаў паставак сельгаспрадукцыі паміж Беларуссю і Расіяй. Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы заўсёды гатовы падключыцца да любога пытання двухбаковых адносін, незалежна ад таго, на якой пляцоўцы гэтыя пытанні вырашаюцца. Што датычыцца ўзаемаадносін у сферы рэгулявання экспарту і імпарту сельгаспрадуктаў, то рэгламенты, якія вызначаюць узаемадзеянне бакоў у гэтай сферы, адпрацаваны на пляцоўцы ЕАЭС, - сказаў Рыгор Рапота. - Але на пляцоўцы двухбаковай адпрацоўваюцца балансы сельгаспрадукцыі. Кожны год зацвярджаецца баланс экспарту і імпарту тых ці іншых відаў сельскагаспадарчай прадукцыі".

"Мы (Пастаянны камітэт) заўсёды дабіваемся таго, каб гэтыя балансы складаліся як мага раней. Вось ужо год ідзе, а яны яшчэ не зацверджаны па шэрагу пазіцый. Таму мы робім усё магчымае, каб адказныя за гэта міністэрствы і ведамствы хутчэй гэту работу правялі. Гэта наша сфера дзейнасці", - заявіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы.

Паводле яго слоў, адпаведныя балансы бакі павінны былі падпісаць яшчэ ў пачатку года, але чамусьці гэты працэс зацягваецца. "І нам давялося міністрам сельскай гаспадаркі і таго, і іншага боку пісаць напамінак, што час гэта пытанне вырашыць", - адзначыў Рыгор Рапота.

Ён выказаў надзею, што ў частцы спрэчных пытанняў па пастаўках прадуктаў харчавання, у прыватнасці малочных прадуктаў, бакам удасца ў бліжэйшы час урэгуляваць сітуацыю. "Хочацца верыць, што ўсё будзе нармальна. У канчатковым выніку ў нас заўсёды ўсё нармальна. Але часам гэта набывае зацяжны характар і выклікае шмат раздражнення ва ўсіх удзельнікаў рынку. Таму чым хутчэй гэта будзе вырашана, тым лепш", - падкрэсліў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы.

Рыгор Рапота разам з тым удакладніў, што Пастаянны камітэт не з'яўляецца непасрэдным удзельнікам перагавораў. "Таму нічога не магу сказаць акрамя таго, што напісана ў прэсе. Мы свае паслугі прапанавалі. Пакуль мы не запатрабаваны ў гэтых паслугах, відаць, абыдуцца ў рамках ЕАЭС або ў двухбаковых перагаворах сваімі сіламі", - сказаў ён. На пытанне, ці абмяркоўвалася гэта тэма на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі, Рыгор Рапота адказаў: "У некаторай ступені так".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі