Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 жніўня 2017, 17:28

Работа па фінансавым аздараўленні прадпрыемстваў аграрнага сектара будзе праводзіцца сістэмна і комплексна - Кабякоў

9 жніўня, Тураў /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Работа па фінансавым аздараўленні прадпрыемстваў аграрнага сектара будзе праводзіцца сістэмна і комплексна. Аб гэтым заявіў сёння журналістам у Жыткавіцкім раёне прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, які знаходзіцца з рабочай паездкай у Гомельскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Комплекс гэтых мер грунтуецца на палажэннях указаў, якія былі выдадзены ў 2014-2017 гадах. "Літаральна ўчора Прэзідэнт згадзіўся з прапановамі ўрада і падпісаў указ па аздараўленні камбінатаў хлебапрадуктаў у рэгіёнах, Гомельскага тлушчавага камбіната ў прыватнасці. Крыху раней быў прыняты шэраг дакументаў па падтрымцы перапрацоўчых прадпрыемстваў", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Адным з пытанняў, якія былі разгледжаны ў ходзе сённяшняй паездкі, быў аналіз вынікаў па фінансавым аздараўленні гаспадарак Гомельскай вобласці ў бягучым годзе. На думку кіраўніка ўрада, у цэлым назіраюцца станоўчыя моманты.

У прыватнасці, у Гомельскім рэгіёне на 1 студзеня 2017 года было вызначана 41 неплацежаздольная гаспадарка. Паводле даных аблвыканкама, на 1 ліпеня 15 гаспадарак з гэтай колькасці змаглі аднавіць плацежаздольнасць, 19 палепшылі свой фінансавы складнік, але яшчэ не дасягнулі ўзроўню плацежаздольнасці. І толькі ў дзвюх арганізацыях сітуацыя пагоршылася, што запатрабуе прыняцця дадатковых мер.

Гэты працэс ідзе ў дынаміцы, і рабіць канчатковыя вывады пакуль дачасна. "Тым не менш вельмі важна, што ў прадпрыемстваў, якія аднавілі сваю плацежаздольнасць, сходзяцца фінансавыя патокі, ёсць станоўчы баланс, таму што гэта дае перспектыву выхаду на нармальнае функцыянаванне", - лічыць прэм'ер-міністр.

Як вядома, кіраўнік дзяржавы даў даручэнне правесці ў бліжэйшы час сур'ёзную нараду па праблемах АПК. Тэма аздараўлення сельгаспрадпрыемстваў будзе на гэтай нарадзе адной з ключавых. "Думаю, што да моманту яе правядзення ў нас будзе што далажыць Прэзідэнту, прапанаваць вырашэнне тых праблем, якія пакуль ёсць", - сказаў Андрэй Кабякоў. Разам з тым не трэба забываць, што станоўчы эфект мер па фінансавым аздараўленні прадпрыемстваў аграрнага сектара магчымы толькі пры ўмове навядзення парадку, адпаведнага ўзроўню дысцыпліны, а таксама ўкаранення перадавых тэхналогій, адзначыў прэм'ер-міністр. "На гэта мы будзем нацэльваць органы мясцовай улады, а таксама кіраўнікоў сельскай гаспадаркі рознага ўзроўню", - канстатаваў ён.

У ходзе рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць прэм'ер-міністр азнаёміўся з вынікамі работы сельскагаспадарчых арганізацый рэгіёна, у прыватнасці Жыткавіцкага раёна, па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы кармоў. Андрэй Кабякоў наведаў ААТ "Тураўскі малочны камбінат", дзе былі разгледжаны пытанні фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства і рэалізацыі інвестпраекта "Будаўніцтва малочнага камбіната ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці, 2-і этап". Кіраўнік урада таксама наведаў шэраг вытворчых аб'ектаў ААТ "Тураўшчына", у тым ліку малочнатаварны комплекс, агароднінафруктасховішча, аграсядзібу "Струмень", дзе яму далажылі аб прымаемых мерах па развіцці жывёлагадоўлі ў Гомельскай вобласці і Жыткавіцкім раёне ў прыватнасці, плодаагародніцтва, а таксама аграэкатурызму ў ААТ "Тураўшчына".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі