Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 жніўня 2016, 19:58

Пытанні занятасці ў Брэсцкай вобласці трэба вырашаць актыўней - Мясніковіч

25 жніўня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Пытанні занятасці насельніцтва ў Брэсцкай вобласці трэба вырашаць актыўней. Такое меркаванне выказаў на пасяджэнні аблвыканкама 25 жніўня старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, упаўнаважаны Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на вынікі сацыялагічнага апытання: кожнага другога жыхара Брэсцкай вобласці хвалююць пытанні занятасці. "У большасці раёнаў Брэсцкай вобласці ёсць залішнія працоўныя рэсурсы, высокая шчыльнасць насельніцтва, якое занята няпоўны працоўны тыдзень або знаходзіцца ў водпусках па рашэнні адміністрацыі, а таксама беспрацоўныя. Лічу, што кадры недастаткова актыўна займаюцца вырашэннем пытання стварэння рабочых месц", - сказаў ён.

На месцах трэба больш прадастаўляць магчымасцей для самазанятасці насельніцтва. "Трэба даць магчымасць чалавеку працаваць на падставе спрошчанай схемы падаткаабкладання, заяўнага прынцыпу, каб праз самазанятасць ён мог гарантаваць забеспячэнне сваёй сям'і", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Пры гэтым ён падкрэсліў, што шмат залежыць ад рашэнняў мясцовых органаў улады.

Паводле аператыўных даных, у Брэсцкай вобласці за студзень-чэрвень бягучага года працаўладкавана на новыя рабочыя месцы (за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей) 3590 чалавек, што ў 2,5 раза перавышае заданне на паўгоддзе (1420 чалавек). Паводле інфармацыі гар- і райвыканкамаў, паўгадавое заданне ў цэлым па працаўладкаванні грамадзян выконваюць усе адміністрацыйныя тэрыторыі. За першыя шэсць месяцаў вымушаная няпоўная занятасць зменшылася на 9,7 тыс. чалавек у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склала 42,3 тыс. работнікаў.

На пасяджэнні разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэсцкай вобласці ў першым паўгоддзі. На думку старшыні Савета Рэспублікі, паказчыкі маглі б быць намнога лепшыя: з васьмі ключавых паказчыкаў эфектыўнасці выкананы толькі тры. "Галоўная задача - спыніць спад аб'ёмаў вытворчасці і экспарту. Складана растлумачыць спад аб'ёмаў экспарту з улікам таго, што вобласць не вырабляе нафтапрадуктаў, не гандлюе калійнымі ўгнаеннямі. Інакш кажучы, база істотна не змянілася. Значыць, неабходна значная мабілізацыя рэсурсаў для выканання пастаўленых задач. Паказчыкі, якія даведзены да вобласці, рэальныя ў сваім выкананні", - рэзюмаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі