Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
03 лістапада 2017, 11:07

Пытанні фінансавання не з'яўляюцца ключавымі ва ўзаемадзеянні з МВФ - Калаур

3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанні фінансавання не з'яўляюцца ключавымі ва ўзаемадзеянні з Міжнародным валютным фондам, заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур, выступаючы 2 лістапада на палях "Кастрычніцкага эканамічнага форуму", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь тройчы звярталася да фінансавай дапамогі МВФ. Рэалізацыя стабілізацыйных праграм дапамагла краіне ў сціслыя тэрміны пераадолець крызісныя з'явы і пазбегнуць глыбокай рэцэсіі ў эканоміцы. Разам з тым пытанні фінансавання не з'яўляліся і не з'яўляюцца ключавым аспектам нашага ўзаемадзеяння. У яго аснову пакладзена кансалідаваная работа экспертаў, накіраваная на рэалізацыю сумесных праектаў і пошук актуальных рашэнняў", - падкрэсліў Павел Калаур.

Пры гэтым ён адзначыў, што Беларусь не ставіць цяпер пытанне аб нейкіх надзвычайных крэдытах. "Мы ў іх на гэтым этапе не маем патрэбы", - сказаў старшыня праўлення Нацбанка.

У якасці прыкладу экспертнага супрацоўніцтва з МВФ Павел Калаур прывёў праграму ацэнкі фінансавага сектара Беларусі і маштабную ацэнку актываў беларускіх банкаў. "Цяпер узаемадзеянне з экспертамі фонду вядзецца па шырокім спектры напрамкаў, такіх як дзяржаўныя расходы, фіскальная палітыка, банкаўскі нагляд, грашова-крэдытная палітыка, а таксама ў галіне статыстыкі і бухуліку", - расказаў ён.

Павел Калаур паведаміў, што на чарговы фінансавы год толькі ў рамках Нацбанка запланавана сумесная работа па развіцці сістэмы аналізу і прагназавання грашова-крэдытнай палітыкі, а таксама па ўдасканаленні камунікацыйнай палітыкі, што асабліва важна напярэдадні пераходу Нацбанка на інфляцыйнае таргетаванне. "Акрамя таго, сумесна з урадам будзе ажыццяўляцца супрацоўніцтва па пытанні развіцця рынку праблемных актываў. Актуальнай застанецца і тэма ацэнкі і кіравання фіскальнымі рызыкамі ў дзяржсектары. Але гэта не ўсе напрамкі нашага ўзаемадзеяння на бліжэйшую перспектыву з экспертамі МВФ - пералік пытанняў адкрыты і пастаянна актуалізуецца з улікам новых рэалій", - канстатаваў кіраўнік Нацбанка.

Ён падкрэсліў, што менавіта такая прафесійная дыскусія з экспертамі МВФ дапамагае выпрацоўваць прымальныя рашэнні, заснаваныя на правільнай дыягностыцы. "Самае вялікае дасягненне - гэта правільна паставіць дыягназ: правесці адпаведную дыягностыку, разумець глыбіню праблем і выбудаваць прыярытэтнасць гэтых праблем. Тут міжнародная экспертыза нам дапамагае. Мы (я маю на ўвазе эканамічную каманду ўрада) ведаем, што трэба рабіць, і кожны дзень над гэтым працуем", - рэзюмаваў Павел Калаур.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі