Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 кастрычніка 2017, 13:12

Пытанне аб выдзяленні льготных крэдытаў для жанчын на адкрыццё бізнесу разгледзяць у Беларусі - Шчоткіна

9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанне аб выдзяленні льготных крэдытаў для жанчын на адкрыццё сваёй справы будзе разгледжана ў Беларусі. Аб гэтым заявіла намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна ў інтэрв'ю тэлеканалу СТБ, паведамляе БЕЛТА.

У якасці прыкладу падтрымкі жаночага прадпрымальніцтва Мар'яна Шчоткіна прывяла праграму Ашчаднага банка Швецыі, якая прадугледжвае выдачу льготных крэдытаў для адкрыцця жаночага бізнесу. Памер ільготнага крэдыту пры гэтым вызначаецца ў залежнасці ад сацыяльнай значнасці праекта, якую ацэньвае спецыяльная камісія.

"Мы таксама цяпер будзем разглядаць такое пытанне. Няхай маленькая льгота - але гэта добра, бо ўсё ж такі развіццё жаночага прадпрымальніцтва ідзе складаней, чым мужчынскага, - лічыць Мар'яна Шчоткіна. - Таму тут, можа, трэба ў пэўнай меры падтрымаць і жанчын пры адкрыцці сваёй справы. Не ўвесь час, але даць магчымасць адкрыць сваю справу, развіцца, няхай год-два, а потым стануць на ногі і самі працаваць будуць".

Адказваючы на пытанне аб колькасці жанчын у беларускім парламенце, Мар'яна Шчоткіна адзначыла, што іх больш за 33 працэнты. "Калі гавораць аб тым, што жанчыны абавязкова павінны прысутнічаць на ўзроўні прыняцця рашэнняў, так і ёсць. Мы да гэтага імкнёмся", - падкрэсліла яна.

Таксама намеснік старшыні Савета Рэспублікі закранула пытанне аб адказнасці чыноўнікаў за сваю дзейнасць. "Калі ты не можаш - не абяцай. Але калі ты паабяцаў, то павінен гэта выканаць на 150 працэнтаў. Таму на прыёмах грамадзян, калі ты чалавеку кажаш: я дапамагу, значыць, ты павінен дапамагчы", - рэзюмавала Мар'яна Шчоткіна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі