Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 лістапада 2017, 19:35

Прэс-канферэнцыя старшыні БелГПП пройдзе ў прэс-цэнтры БЕЛТА 27 лістапада

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэс-канферэнцыя старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзіміра Улаховіча "Стратэгічны план Беларускай гандлёва-прамысловай палаты - 2020" пройдзе ў прэс-цэнтры БЕЛТА 27 лістапада ў 11.00. БелГПП з'яўляецца сёння адным з эфектыўных механізмаў падтрымання інтарэсаў беларускіх прадпрыемстваў на знешніх рынках і развіцця нацыянальнага экспарту.

Узнагароджванне БелГПП прэміяй аўтарытэтнага турэцкага эканамічнага выдання Turcomoney за ўклад у развіццё эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з Турэцкай Рэспублікай пацвярджае важную ролю палаты ва ўмацаванні міжнародных кантактаў беларускіх прадпрыемстваў. Узнагарода была ўручана старшыні БелГПП на ўрачыстай цырымоніі 22 лістапада ў Стамбуле.

У час прэс-канферэнцыі Уладзімір Улаховіч раскажа аб актуальных напрамках дзейнасці БелГПП на сучасным этапе і падзеліцца планамі стратэгічнага развіцця на бліжэйшыя гады. Акрэдытацыя СМІ абавязкова. Зарэгістравацца можна па тэлефонах (017) 327-24-47, (029) 645-43-38, электроннай пошце pressuser@belta.by і на сайце БЕЛТА www.belta.by. Электронныя заяўкі дзейнічаюць толькі пасля атрымання пацвярджэння прэс-цэнтра. Адрас прэс-цэнтра: г.Мінск, вул.Энгельса, 30-303.

23 лістапада ўпершыню стартаваў адкрыты творчы конкурс Беларускай гандлёва-прамысловай палаты для СМІ "Развіццё экспартнага патэнцыялу Беларусі", які з гэтага часу будзе штогадовым. Аўтарам, у тым ліку пазаштатным, і аўтарскім калектывам прапануецца прадставіць на суд журы асобныя работы і серыі артыкулаў (паведамленняў), тэле- і радыёсюжэты, якія былі апублікаваны інфармацыйнымі агенцтвамі, інтэрнэт-выданнямі, газетамі, часопісамі, а таксама выйшлі ў тэле- і радыёэфіры Беларусі і замежных краін у перыяд з 1 студзеня па 31 снежня 2017 года. Па выніках конкурсу будуць вызначаны лепшыя аўтары інфармацыйнага агенцтва, інтэрнэт-выдання, друкаванага выдання, радыёэфіру, лепшы аўтарскі калектыў на тэлебачанні. Для ўдзелу ў адборачным этапе конкурсу неабходна накіраваць заяўку і конкурсныя матэрыялы не пазней за 12 студзеня 2018 года па адрасе: г.Мінск, вул.Камуністычная, 11 (індэкс - 220029).

Пераможцы будуць вызначаны рашэннем журы ў лютым 2018 года. Іх імёны аб'явяць на цырымоніі ўзнагароджвання пасля падвядзення вынікаў конкурсу. Пераможцаў чакаюць грашовыя прэміі і дыпломы Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Умовы ўдзелу ў конкурсе, парадак прадстаўлення матэрыялаў і крытэрыі іх ацэнкі выкладзены ў палажэнні аб конкурсе, размешчаным на сайце БелГПП.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі