12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад зацвердзіў правілы цеплазабеспячэння. Адпаведнае рашэнне замацавана пастановай Савета Міністраў нумар 609 ад 11 верасня 2019 года, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу ўрада.
Правіламі вызначаны парадак узаемаадносін спажыўцоў цеплавой энергіі з энергазабеспячальнымі арганізацыямі па заключэнні, выкананні, змяненні, прадаўжэнні і спыненні дагавораў цеплазабеспячэння; далучэння сістэм цепласпажывання да цеплавых сетак. Таксама вызначаецца парадак складання і прымянення графікаў абмежавання і аварыйнага адключэння спажыўцоў цеплавой энергіі і магутнасці; арганізацыі ўліку цеплавой энергіі і цепланосьбіта; разлікаў за цеплавую энергію і цепланосьбіт.
Правілы не распаўсюджваюцца на парадак аказання жыллёва-камунальных паслуг па цеплазабеспячэнні і гарачым водазабеспячэнні.
Як растлумачылі ва ўрадзе, неабходнасць зацвярджэння правіл абумоўлена спецыфікай забеспячэння цеплавой энергіяй і яе спажывання. Пры гэтым прымаецца пад увагу тое, што цеплавая энергія з'яўляецца таварам, улічваюцца бесперапыннасць тэхналагічнай сувязі вытворчасці, перадачы, размеркавання, продажу і спажывання цеплаэнергіі, дзяржаўная палітыка Беларусі ў галіне энергазберажэння, а таксама патэнцыяльная небяспека цеплаўстановак, цеплатэхнічнага абсталявання і збудаванняў.
Згодна з дакументам, рэспубліканскія органы дзяржкіравання, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам у трохмесячны тэрмін павінны прывесці свае нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасць з гэтай пастановай і прыняць меры па яе рэалізацыі.
Даваць тлумачэнні па прымяненні зацверджаных правіл даручана Міністэрству энергетыкі і Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Пастанова прынята для ўдасканалення дзяржаўнага рэгулявання ў галіне цеплазабеспячэння. Асноўныя пункты дакумента ўступаюць у сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.-0-