Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 сакавіка 2018, 14:47

Праект закона аб плацежных паслугах будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне

30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект закона аб плацежных паслугах будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік аддзела нагляду за плацежнай сістэмай галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацыянальнага банка Таццяна Рускевіч у кулуарах канферэнцыі E-commerce Day.

"Праект закона аб плацежных паслугах цяпер дапісваецца - літаральна на працягу тыдня мы плануем завяршыць гэту работу. Потым на працягу месяца дакумент будзе абмяркоўвацца з Нацбанкам і дзяржорганамі, якія ўваходзяць у рабочую групу. Пасля мы выкладзем яго для грамадскага абмеркавання - кожны грамадзянін зможа азнаёміцца з ім і прыслаць свае прапановы", - растлумачыла Таццяна Рускевіч. Да канца года праект закона плануецца ўнесці ў Палату прадстаўнікоў.

На канферэнцыі прадстаўнік Нацбанка выступіла з дакладам "Плацяжы на карысць трэціх асоб - новыя магчымасці для e-commerce". "Тэхнічна мы ўжо можам ажыццяўляць такія плацяжы, засталося толькі дазволіць гэта нарматыўна. У нас ёсць шэраг гандлёвых пляцовак, дзе пакупнік можа выбраць паслугу, якая яму спадабалася, або тавар. Але пакуль няма магчымасці непасрэдна на гэтай пляцоўцы аплаціць тавар або паслугу. Калі такая магчымасць з'явіцца, пакупніку не трэба будзе пераходзіць на сайт канкрэтнага прадаўца, грошы будуць паступаць на рахункі гандлёвай пляцоўкі, якая потым будзе разлічвацца з прадаўцамі", - адзначыла яна.

Таццяна Рускевіч падкрэсліла, што ўжо на стадыі падрыхтоўкі канцэпцыі законапраекта рэгулятар улічваў прапановы бізнесу.

Як паведамлялася, канцэпцыяй праекта закона аб плацежных паслугах прапануецца заканадаўча замацаваць права на правядзенне некаторых відаў плацежнага абслугоўвання іншымі суб'ектамі гаспадарання, акрамя банкаў, на ўмовах, вызначаных законам. Гэта дасць магчымасць прымаць плацяжы на карысць трэціх асоб такім суб'ектам гаспадарання, як інтэрнэт-парталы, віртуальныя платформы, службы дастаўкі (кур'еры), а таксама магазіны, што працуюць у месцах, дзе банкам або нацыянальнаму аператару паштовай сувязі нерэнтабельна разгортваць сваю філіяльную сетку абслугоўвання (напрыклад, маленькія населеныя пункты, вёскі). Гэта дасць магчымасць знізіць сацыяльную нагрузку з названых арганізацый.

Акрамя таго, закон дасць магчымасць урэгуляваць парадак уключэння ў рэестр і выключэння з яго пастаўшчыкоў плацежных паслуг, а таксама ўстановіць правілы прадастаўлення плацежных паслуг і патрабаванні да плацежных паслуг, у тым ліку правілы празрыстасці ўмоў прадастаўлення такіх паслуг, патрабаванне забеспячэння канчатковасці разлікаў на працягу аперацыйнага дня, раскрыцця інфармацыі, умовы ўвядзення абавязковай двухфактарнай аўтэнтыфікацыі і гарантыі бяспекі каналаў, па якіх перадаюцца асабістыя даныя карыстальніка. Таксама дакумент дапаможа сфарміраваць прававую аснову для інтэграцыі нацыянальных плацежных сістэм краін Еўразійскага эканамічнага саюза.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі