Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 красавіка 2018, 10:40

Праект указа аб кадастравай ацэнцы аб'ектаў нерухомай маёмасці распрацаваны ў Беларусі

24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект указа "Аб кадастравай ацэнцы аб'ектаў нерухомай маёмасці" быў прадстаўлены на пасяджэнні грамадска-кансультатыўнага (экспертнага) савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Дзяржаўным камітэце па маёмасці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ведамства.

Згодна з праектам указа работы па кадастравай ацэнцы ўсёй зарэгістраванай і незарэгістраванай нерухомай маёмасці ў рэгістры нерухомай маёмасці ў Беларусі прадугледжваецца правесці на працягу шасці гадоў - з 2019 па 2025 год. У далейшым, з 2025 года, кадастравы кошт па першай групе нерухомай маёмасці (жылая шматкватэрная, жылая сядзібная, нежылая) плануецца актуалізаваць з перыядычнасцю раз у тры гады.

У працэсе выканання работ па кадастравай ацэнцы праектам указа прадугледжаны працэдуры па распрацоўцы метадалогіі і праграмнага забеспячэння масавага збору даных аб нерухомай маёмасці. Плануецца ажыццяўляць збор або атрыманне адсутных характарыстык адносна аб'ектаў нерухомай маёмасці, а таксама атрыманне кадастравага кошту адзіных аб'ектаў нерухомай маёмасці, распрацоўку сістэмы апеляцыі і абскарджання вынікаў кадастравай ацэнкі.

"З'яўленне ў Беларусі кадастравага кошту аб'ектаў нерухомай маёмасці створыць перадумовы да пераходу на падаткаабкладанне нерухомай маёмасці ад яе рыначнага кошту, што адпавядае аднаму з галоўных прынцыпаў падаткаабкладання - прынцыпу справядлівасці. Акрамя таго, кадастравы кошт можа быць выкарыстаны больш як у дзесяці іншых напрамках: статыстыка, банкаўская сфера, страхаванне, інвестыцыі, продаж нерухомай маёмасці, бухулік і інш.", - растлумачылі ў прэс-службе.

На пасяджэнні савета намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага кадастравага агенцтва Дзмітрый Рытвінскі азнаёміў прысутных з ходам і вынікамі пілотнага праекта па масавай кадастравай ацэнцы нерухомай маёмасці ў Кобрынскім раёне і Савецкім раёне Мінска. У прыватнасці, былі прыведзены прыклады несправядлівых адрозненняў у велічыні кошту, што выкарыстоўваецца цяпер для разліку падатку на нерухомую маёмасць, і кадастравага кошту аб'екта, што вызначаецца ў працэсе кадастравай ацэнкі на падставе рыначных даных. Была абгрунтавана неабходнасць стварэння сістэмы кадастравай ацэнкі ў Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі