Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 ліпеня 2017, 14:55

Праект новай рэдакцыі антыманапольнага заканадаўства распрацаваны з улікам вопыту краін ЕАЭС

25 ліпеня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Праект новай рэдакцыі закона "Аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі" распрацаваны з улікам станоўчага вопыту ў сферы антыманапольнай (канкурэнтнай) палітыкі дзяржаў - удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым заявіў сёння намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец на анлайн-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Праект новага антыманапольнага закона падрыхтаваны з улікам існуючай правапрымяняльнай практыкі, прапаноў зацікаўленых; міжнародных прававых актаў, што складаюць права ЕАЭС; станоўчага вопыту ў сферы антыманапольнай (канкурэнтнай) палітыкі дзяржаў - удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза", - адзначыў Іван Вежнавец.

Паводле яго слоў, у законапраекце ўлічаны нормы Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, мадэльнага закона "Аб канкурэнцыі". "Напрыклад, расійскае антыманапольнае заканадаўства ўжо змяшчае нормы па ўстанаўленні правіл недыскрымінацыйнага доступу да тавараў дамінантаў, антыманапольныя патрабаванні да таргоў, нормы аб папярэджанні і засцярозе, а таксама парадак разгляду спраў аб парушэнні антыманапольнага заканадаўства і ФАС Расіі мае напрацаваную практыку па прымяненні названых норм", - растлумачыў намеснік міністра.

Іван Вежнавец канстатаваў, што пры ўдасканаленні паняційнага апарату праектам закона ўдакладнены азначэнні ў тым ліку такіх паняццяў, як "суб'ект гаспадарання", "вертыкальнае пагадненне", "эканамічная канцэнтрацыя", "манапалістычная дзейнасць". Праектам закона ўведзены нормы аб монапсанічным становішчы і монапсанічна нізкай цане, а таксама аб прыкметах абмежавання канкурэнцыі. "Прыведзеныя ў законапраекце азначэнні ў поўнай меры адпавядаюць падыходам мадэльнага закона "Аб канкурэнцыі" і Дагавору аб ЕАЭС", - падкрэсліў ён.

Істотна зменена азначэнне дамінуючага становішча суб'екта гаспадарання. У мэтах эфектыўнага выяўлення і спынення злоўжывання суб'ектам гаспадарання (групай асоб) дамінуючым становішчам на таварных рынках зніжана значэнне сукупнай рыначнай долі суб'ектаў гаспадарання, што дае магчымасць кваліфікаваць становішча суб'екта гаспадарання на таварным рынку як дамінуючае. Так, сукупная доля не больш як трох суб'ектаў гаспадарання (груп асоб) павінна перавышаць 50 працэнтаў, сукупная доля не больш як пяці суб'ектаў гаспадарання (груп асоб) павінна перавышаць 75 працэнтаў. "Гэта новаўвядзенне адпавядае палажэнням методыкі ацэнкі стану канкурэнцыі, распрацаванай на ўзроўні ЕЭК, практыцы Расіі і Казахстана. У рамках удасканалення інстытута процідзеяння манапалістычнай дзейнасці з улікам норм мадэльнага закона аб канкурэнцыі прадугледжаны падзел і дэталёвая рэгламентацыя норм аб антыканкурэнтных пагадненнях і аб узгодненых дзеяннях", - рэзюмаваў Іван Вежнавец.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі