30 студзеня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Поспех каманды "МАЗ-СПОРТаўта" станоўча паўплывае на продажы прадукцыі Мінскага аўтамабільнага завода. Упэўненасць у гэтым выказаў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка на ўрачыстым сходзе ў ДК "МАЗ", дзе ўшаноўвалі каманду "МАЗ-СПОРТаўта", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта вельмі важная і знакавая перамога, бо, я лічу, другое месца - гэта таксама пэўная перамога. Яна павышае прэстыж гандлёвай маркі МАЗ, стварае імідж, а гэта, безумоўна, паўплывае на ўсе аспекты - ад праектавання і вытворчасці да продажаў аўтамабіляў", - адзначыў Уладзімір Сямашка.
Віцэ-прэм'ер пажадаў камандзе "МАЗ-СПОРТаўта", каб цяперашні поспех не быў выпадковым. "Трэба імкнуцца заваяваць першае месца і пацвярджаць яго далей-болей", - сказаў ён.
Уладзімір Сямашка адзначыў важнасць таго, што аўтамабіль, на якім спартсмены пераадолелі вельмі складаную трасу "Дакара", у сваёй аснове - серыйная машына, у той час як канкурэнты, як правіла, для ўдзелу ў ралі рыхтуюць спецыяльную тэхніку. "Для многіх пакупнікоў гэта будзе сведчыць аб тым, што асабліва ў такіх экстрэмальных умовах сярод шэрага іншых аўтамабіляў трэба аддаваць перавагу МАЗу", - лічыць віцэ-прэм'ер.
Ён канстатаваў, што апошнія некалькі гадоў МАЗ перажываў складаны перыяд з-за суб'ектыўных і аб'ектыўных прычын. "Але вось ужо ў канцы мінулага года прадпрыемства выйшла на рэнтабельную работу, і прагнозы, якія мы сфарміравалі на 2018 год, паказваюць, што МАЗ павінен істотна дабавіць і ў аб'ёмах, і ў рэнтабельнасці. Гэта дасць больш магчымасцей для калектыву, у тым ліку каманды "МАЗ-СПОРТаўта", - сказаў Уладзімір Сямашка.
Беларускі МАЗ пад кіраваннем Сяргея Вязовіча заняў другое месца ў агульным заліку ралі-рэйду "Дакар-2018". Выйграў "Дакар" расіянін Эдуард Нікалаеў на КамАЗе.
Беларускія гоншчыкі ўдзельнічалі ў ралі-рэйдзе ўжо сёмы раз. Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтазавод, тэхнічным партнёрам - тэлекам-аператар velcom. Аўтамарафон у гэтым годзе праходзіў па тэрыторыі трох краін - Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць толькі скорасных участкаў склала 3,5 тыс. км.-0-