Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
02 лістапада 2017, 12:00

Планы развіцця раёнаў Беларусі на 2018 год будуць распрацаваны да 1 снежня

2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Планы развіцця раёнаў Беларусі на 2018 год павінны быць прадстаўлены ў Міністэрства эканомікі да 1 снежня 2017 года, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт ведамства.

Абарона планаў будзе праводзіцца з выездам у рэгіёны пад кіраўніцтвам міністра эканомікі і з удзелам прадстаўнікоў зацікаўленых органаў дзяржаўнага кіравання.

1 лістапада ў Мінэканомікі адбыўся семінар па распрацоўцы планаў развіцця абласцей, Мінска, раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання на 2018 год. У ім прынялі ўдзел намеснік міністра эканомікі Аляксандр Чарвякоў, намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч, прадстаўнікі міністэрстваў архітэктуры і будаўніцтва, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, працы і сацыяльнай абароны, транспарту і камунікацый, канцэрнаў "Беллегпрам", "Беллеспаперапрам", "Белнафтахім" і "Белдзяржхарчпрам", аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама і раённых выканаўчых камітэтаў.

Семінар праводзіўся з мэтай абмеркавання метадалогіі распрацоўкі гадавых планаў развіцця для кожнага з раёнаў краіны. Планаванне такога ўзроўню раней не ажыццяўлялася, але пры гэтым, як адзначыў Аляксандр Чарвякоў, яго прававыя аспекты вызначаны ў заканадаўстве аб прагназаванні, а актуальнасць відавочная.

"У нас на ўзроўні рэспублікі і на ўзроўні абласцей распрацоўваюцца праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяць гадоў, якія потым разгортваюцца ў штогадовых прагнозах. На ўзроўні раёна існуюць толькі пяцігадовыя праграмы, афіцыйнага гадавога прагназавання ніхто не ажыццяўляе. І з'яўляецца праблема з тым, каб убачыць, як звязаны прадпрыемствы, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёнаў, як з іх бізнес-планаў складваецца эканоміка рэгіёна", - растлумачыў Аляксандр Чарвякоў.

Асабліва востра пытанне прагназавання паўстала ў час паездак рабочых груп з прадстаўнікоў Мінэканомікі, Мінпрацы і сацыяльнай абароны і Мінбудархітэктуры ў рэгіёны краіны ў сакавіку-красавіку бягучага года. Тады ў ходзе сустрэч у аблвыканкамах і на прадпрыемствах была неаднаразова абазначана гэта праблема, асабліва ў сферах будаўніцтва і інвестыцый.

"Наступны год - сярэдзіна пяцігоддзя, і мы павінны дакладна выйсці на тыя параметры, якія прыняты на V Усебеларускім сходзе. Перад намі стаіць вельмі адказная і напружаная задача. І без правільнага планавання, арганізаванага па схеме "прадпрыемства-раён-вобласць-краіна", яе будзе вельмі цяжка дасягнуць. Паколькі вы зоймецеся такім прагназаваннем упершыню, падыходы будуць дзесьці спрошчаны. Але асноўныя моманты, тыя, што даюць магчымасць вызначыць траекторыі выхаду на запланаваны ўзровень валавога рэгіянальнага прадукту, павінны быць падлічаны", - адзначыў Аляксандр Чарвякоў, звяртаючыся да ўдзельнікаў семінара.

У аснову гадавога планавання будуць пакладзены бізнес-планы прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна. У сувязі з гэтым асаблівую важнасць набывае ўзаемадзеянне рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і мясцовай улады, работа ў тандэме, накіраваная на развіццё тэрыторыі. У планах развіцця павінен быць рэалізаваны галіновы падыход, прапрацаваны пытанні інвестыцый і будаўніцтва, знешняй эканамічнай дзейнасці, прадугледжаны меры па развіцці малога і сярэдняга бізнесу.

"Яшчэ адно важнае пытанне - рост даходаў мясцовых бюджэтаў ад працоўнай дзейнасці. Гэта тыя даходы, якія застаюцца ў рэгіёне. Пакуль гэты паказчык будзе разліковым. Мы разам з Навукова-даследчым эканамічным інстытутам Мінэканомікі адпрацуем методыку разліку і на працягу года будзем, пры неабходнасці, яе дапрацоўваць, каб праз год выкарыстаць гэты паказчык у якасці аднаго з мэтавых", - растлумачыў намеснік міністра эканомікі.

Пры гэтым Аляксандр Чарвякоў сказаў аб недапушчальнасці ўмяшання прадстаўнікоў мясцовых органаў улады ў гаспадарчую дзейнасць прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці.

"Мінэканомікі ніколі не падтрымае пазіцыю райвыканкамаў, якія хацелі б даводзіць мэтавыя паказчыкі да прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці. Ёсць уладальнікі і менеджары, якія вызначаюць развіццё гэтых кампаній. Дзяржава можа праз бізнес-планы ўстанаўліваць мэты толькі прадпрыемствам рэспубліканскай і камунальнай формы ўласнасці і такім чынам удзельнічаць у працэсе кіравання імі як уласнік. У рабоце з прыватным бізнесам трэба выкарыстоўваць іншыя, ускосныя інструменты рэгулявання: ствараць умовы і асяроддзе для развіцця, устараняць бар'еры", - адзначыў намеснік міністра.

Напярэдадні семінара эканамічныя органы раёнаў краіны перадалі ў Міністэрства эканомікі пытанні, звязаныя з метадалогіяй распрацоўкі гадавых планаў развіцця. У ходзе семінара прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання пастараліся даць вычарпальныя адказы на гэтыя пытанні.

На семінары былі ўзняты таксама пытанні распрацоўкі гадавых планаў развіцця абласцей, дзе ўпершыню ў айчыннай практыцы прагназавання ўсе пытанні будуць разгледжаны праз прызму мэт устойлівага развіцця ААН, Такім чынам, планы развіцця абласцей, па сутнасці, стануць інструментамі рэалізацыі парадку дня ААН, што дасць магчымасць умацаваць устойлівасць нацыянальнай эканомікі, выявіць невыкарыстоўваемы патэнцыял і актывізаваць працэсы глабальнага партнёрства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі