Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
17 жніўня 2018, 20:18

Перспектывы аграпалітыкі Саюзнай дзяржавы абмяркуюць на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі

17 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перспектывы аграрнай палітыкі Саюзнай дзяржавы будуць абмяркоўвацца на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Савета Рэспублікі.

У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках 17 жніўня адбылася нарада, на якой разглядаўся ход падрыхтоўкі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Аграрная палітыка Саюзнай дзяржавы: вопыт, праблемы, перспектывы" на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Удзельнікі нарады пад кіраўніцтвам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова падрабязна абмеркавалі арганізацыйныя і іншыя аспекты канферэнцыі. "Акрамя таго, абмеркаваны пытанні распрацоўкі праекта праграмы ўстойлівага развіцця аграпрамысловых комплексаў Горацкага, Дрыбінскага і Мсціслаўскага раёнаў на аснове навуковых даследаванняў, перадавых тэхналогій і інавацый", - адзначылі ў прэс-службе верхняй палаты парламента.

У нарадзе прынялі ўдзел намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Пётр Казакевіч, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, кіраўнікі шэрага навукова-практычных цэнтраў НАН Беларусі і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Як паведамлялася, V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі адбудзецца ў Магілёве 11-12 кастрычніка. Чакаецца, што ўдзел у яго мерапрыемствах прымуць каля 2 тыс. чалавек. Галоўнай падзеяй форуму стане пленарнае пасяджэнне на тэму "Прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва". Плануецца, што ў ім прымуць удзел кіраўнікі дзяржаў. Секцыі пройдуць па асноўных напрамках: аграрная палітыка, уніфікацыя і гарманізацыя заканадаўстваў, лічбавая эканоміка, маладзёжная палітыка, міжнародная дзейнасць і эканамічная бяспека. Важным элементам праграмы будучага форуму стане яе дзелавая частка - пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва, бізнес-сустрэчы і дзелавыя перагаворы, у якіх прымуць удзел кіраўнікі кампаній і прадпрыемстваў дзвюх краін.

У час форуму традыцыйна пройдзе пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Будуць абмеркаваны перспектывы ўмацавання міжпарламенцкіх сувязей, а таксама роля парламенцкага вымярэння ў развіцці беларуска-расійскіх адносін.

Пройдуць таксама Тыдзень інтэграцыі і супрацоўніцтва, маладзёжны форум, злёт студэнцкіх атрадаў, спартакіяда Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва, турнір па хакеі з шайбай, спартакіяды Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва, сумеснае пасяджэнне саюзаў жанчын Магілёўскай і Тульскай абласцей і іншыя мерапрыемствы.

У дні форуму будзе працаваць выстаўка-кірмаш рамёстваў, дзе сваю прадукцыю прадставяць майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і фальклорныя аматарскія калектывы Беларусі і Расіі. У час нацыянальных святочных экспазіцый пройдуць майстар-класы, выстаўкі-продажы вырабаў мастацкіх рамёстваў, народныя атракцыёны, фальклорныя гульнявыя праграмы з удзелам аматарскіх калектываў, дэгустацыя нацыянальных страў, спаборніцтвы і іншыя мерапрыемствы. На працягу ўсіх дзён работы выстаўкі-кірмашу будзе арганізавана канцэртная праграма "Садружнасць культур - садружнасць народаў" з удзелам аматарскіх калектываў Беларусі і Расіі.

Арганізатарам выступаюць Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі пры садзейнічанні Магілёўскага аблвыканкама.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі